Журналіст з Люксембурга даехаў да Украіны на ровары, каб дапамагчы сродкамі
Ён ехаў больш за месяц.
08.08.2023 / 15:12
Фота: Вінніцкая рада
Міхаэль Мертэн ладзіць дабрачынны велатур з пачатку ліпеня і ўжо даехаў да Вінніцы. Акрамя збору сродкаў, мужчына дапамагае развіваць харкаўскі праект, які займаецца пакаваннем сухпайкоў, а таксама падтрымлівае рэабілітацыйны цэнтр для дзяцей у Карпатах, піша «Украінская праўда».
Пра свой велатур Міхаэль піша ва ўласным блогу. Мужчына распавёў, што гэтым летам планаваў велатур у Стамбул. Але ў снежні мінулага года яму прапанавалі суправаджаць грамадскую арганізацыю L'ukraine asbl у аўтакалоне з Люксембурга ва Украіну.
«Калі я стаяў на назіральнай пляцоўцы ў Кіеве неўзабаве пасля Каляд і глядзеў уніз на Дняпро, я зразумеў, нягледзячы на паветраную трывогу: сюды трэба вярнуцца летам 2023 года. Таму я ўзяў адпачынак і 1 ліпеня адправіўся ў дабрачынны велатур з Люксембурга ў Кіеў. Гэта знак салідарнасці з выдатнай краінай, якая мае патрэбу ў дапамозе», — пісаў Міхаэль.
Журналіст даехаў да Вінніцы, дзе яго сустрэлі раварысты з гарадской і абласной спартыўных школ.
Маршрут пралягаў праз Люксембург, Шэнген, Нюрнберг, Пльзень, Прагу, Асвенцім, Кракаў, Львоў, Івана-Франкоўск, Бар.
У сваім заплечніку мужчына возіць розныя сцягі — Германіі, Люксембурга, Польшчы, Чэхіі і іншых краін. А ўкраінскі — павязаў сабе на плечы.