Літва перакіне на мяжу з Беларуссю дадатковую колькасць вайскоўцаў
Кіраўнік Дзяржаўнай памежнай службы Літвы Рустам Любаеў кажа, што сітуацыя на мяжы краіны з Беларуссю і Расіяй напружаная, але стабільная. Аднак, па ягоных словах, імавернасць правакацый з боку вагнераўцаў застаецца высокай. Таму на мяжу з Беларуссю перакінуць яшчэ больш вайскоўцаў, піша Delfi.lt.
08.08.2023 / 13:40
Рустам Любаеў. Скрыншот відэа Delfi
Пакуль захады бяспекі, якія прымяняюцца цяпер на мяжы з Беларуссю, адэкватныя, але памежная служба гатовая ў кароткія тэрміны разгарнуць дадатковыя сілы.
«Мы разам з Міністэрствам унутраных спраў цяпер разглядаем магчымасць павелічэння нашых магутнасцяў на мяжы з Беларуссю. (…) Былі прыняты адпаведныя рашэнні. Мы плануем у найбліжэйшы час павялічыць наш кантынгент на мяжы з Беларуссю», — паведаміў ён.
Аднак колькі яшчэ памежнікаў будзе перакінута на беларускую мяжу, не назваў.
Таксама Польшча павялічвае колькасць вайскоўцаў на граніцы з Беларуссю да трох тысяч чалавек.
Цяпер на мяжы з Беларуссю нясуць службу дзве тысячы чалавек, іх колькасць будзе павялічана яшчэ на тысячу чалавек.
«У сувязі з дынамічнай сітуацыяй на польска-беларускай мяжы і просьбай кіраўніка пагранічнай аховы аб павелічэнні ўдзелу арміі ў абароне граніцы міністр нацыянальнай абароны распарадзіўся выканаць просьбу і выдзеліць дадатковых салдат для патрулявання польска-беларускай мяжы», — гаворыцца ў заяве Мінабароны краіны.