Гісторыя з загінулай рыбай пад Маладзечнам працягваецца, яе выявілі на іншым возеры. Мясцовыя жыхары яе ядуць

У тэхнічным вадаёме ў вёсцы Маліноўшчына Маладзечанскага раёна каля спіртагарэлачнага завода «Аквадзіў» усплыла мёртвая рыба. Увечары ў пятніцу на месца выязджаў участковы міліцыянт, які дапытваў людзей і складаў дакументы, піша Kraj.by.

08.08.2023 / 13:31

Фота: Kraj.by

Гісторыя з масавай гібеллю рыбы ў вадаёмах Лебедзеўскага сельсавета працягваецца. Спачатку 29 ліпеня мор быў знойдзены на возеры з платнай рыбалкай паміж вёскамі Вяжуці і Турэц-Баяры, якое арандуе фермерская гаспадарка «Ля пяску».

З 29 ліпеня да 2 жніўня работнікі гаспадаркі вылавілі з вадаёма 2 тоны 640 кілаграмаў загінулых карпаў, таўсталобіка, амура, шчупака, акуня і плоткі.

Мёртвую рыбу ў тэхнічным вадаёме побач з тэрыторыяй спіртагарэлачнага завода «Аквадзіў» у Маліноўшчыне 4 жніўня заўважыў адміністратар фермерскай гаспадаркі «Ля пяску» Віктар Ганчарэнка. Ён лічыць, што прычына гібелі рыбы звязаная з вытворчасцю на «Аквадзіве».

Фота: Kraj.by

Паводле версіі Ганчарэнкі, мор, заўважаны ў Маліноўшчыне, даказвае дачыненне завода да інцыдэнту на возеры каля Вяжуцяў, бо вада з гэтага тэхнічнага вадаёма па канавах цячэ ў іх вадаём.

Віктар 7 жніўня распавёў наступнае:

— У пятніцу ў Маліноўшчыне я заўважыў мёртвых карасёў. Проста адтуль патэлефанаваў па тэлефоне 102, і да мяне даслалі ўчастковага. Было каля 17:00, таму кіраўніцтва завода на месцы не заспелі, а ахоўнікі ніякіх каментароў даваць не захацелі. Участковы склаў паперу, апытаў мясцовых жыхароў. Дарэчы, гэтых карасёў уся вёска збірала. Я чуў, што знайшлі нават сома на 97 сантыметраў. Мясцовыя жыхары кажуць, што карасі дохнуць не ад хвароб, а ад недахопу кіслароду ў вадзе. У іх жабрам капут, і гэтую рыбу можна есці. Тых карасёў, якія большыя, людзі сушаць і ядуць самі, а дробязь аддаюць курам.

Акрамя таго, у фермерскай гаспадарцы «Ля пяску» чакаюць вынікаў лабараторных даследаванняў вады і загінулай рыбы са свайго возера.

Завод «Аквадзіў» адмаўляе сваё дачыненне да гібелі рыбы. Мор карасёў у сваёй тэхнічнай сажалцы адміністрацыя завода не пацвярджае, але і не адмаўляе.

— У вас ёсць фатаграфіі загінулых карасёў? Ну добра, публікуйце, калі ёсць. Але ніякіх каментароў мы з гэтай нагоды даваць не будзем, — сказаў прадстаўнік адміністрацыі завода «Аквадзіў».

Чытайце таксама:

У возеры пад Маладзечнам загінулі амаль тры тоны рыбы

Nashaniva.com