Украінскія вайскоўцы тэсціруюць новы беспілотнік

Пасля тылавых выпрабаванняў новы ўкраінскі БПЛА SpyGun перадалі для тэставання ў зону баявых дзеянняў. Ён прызначаны для глыбіннай разведкі, але пры неабходнасці яго можна выкарыстоўваць і для карэкціроўкі агню, тлумачаць у Галоўным упраўленні разведкі.

08.08.2023 / 12:19

Фота: Галоўнае ўпраўленне разведкі Мінабароны Украіны

БПЛА стварылі ўкраінскія інжынеры і праекціроўшчыкі па ініцыятыве прадпрымальніка і валанцёра Юрыя Голіка і тэнісіста, а цяпер вайскоўца УСУ Сяргея Стахоўскага, піша «Украінская праўда».

Комплекс складаецца з двух беспілотных лятальных апаратаў і наземнай станцыі кіравання.

Дзякуючы сучаснай сістэме радыёкіравання з высокім узроўнем абароны ад перашкод РЭБ, самалёт-разведчык здольны працаваць на далёкасці да 50-ці кіламетраў.

Беспілотнік SpyGun абсталяваны сістэмай аўтаматычнага вяртання да месца ўзлёту, а высокія аэрадынамічныя характарыстыкі дазваляюць яму планіраваць абраным маршрутам з выключаным рухавіком, эканомячы зарад акумулятара.

Запіс фота і відэа ажыццяўляецца на бартавы носьбіт.

БПЛА SpyGun адносна недарагі і нескладаны ў вытворчасці з простым дызайнам корпуса, што робіць «шпіёна» непрыкметным у небе падчас працы, адзначаюць у ГУР.

Nashaniva.com