Ютубер выклаў пяць аргументаў, чаму не пераходзіць на рускую мову ў ютубе
Валянцін Конан тлумачыць, у чым недарэчнасць аргумента, што беларускамоўны кантэнт не будзе мець вялікай колькасці праглядаў.
07.08.2023 / 20:22
Валянцін Конан тлумачыць, чаму «аргумент ад колькасці» цалкам недарэчны. Скрыншот відэа
Валянцін Конан, аўтар беларускамоўнага ютуб-канала @Konan_V, атрымаў каментар ад аднаго з гледачоў наступнага зместу:
«Гэта твой выбар, проста ты зможаш даносіць сваю інфармацыю меншай колькасці людзей. З другога боку, гэта проста непавага да сваёй аўдыторыі».
Валянцін гаворыць, што можна было б адказаць на гэты каментар проста, што «гэта спроба рацыяналізаваць уласную імперскую сацыялізацыю ды шавіністычную непавагу да іншых моў», але ён вырашыў адказаць разгорнута, бо гэта сапраўды тыповы каментар.
Па-першае, як заўважае Конан, калі б ён хацеў, каб яго разумела большая колькасць людзей, то ён выкарыстоўваў бы найбольш распаўсюджаныя мовы: англійскую, кітайскую, хіндзі, іспанскую, французскую ці партугальскую. Але не рускую, бо яна не ўваходзіць у топ-5 моў свету.
Ён падкрэслівае, што ні адна з пяці найбольш распаўсюджаных моў не спрычынілася да асіміляцыі і знішчэння Беларусі, таму яны і могуць суіснаваць з беларускай, у адрозненне ад рускай.
«Бо ў нашым рэгіёне, дзе нібыта дзяржаўнае «двухмоўе», на самай справе [назіраецца] вынішчэнне аўтахтоннай мовы. І беларусы ведаюць гэта як ніхто іншы», — заўважае Валянцін.
Па-другое, Конан звяртае ўвагу, што яго відэа суправаджаюцца субцітрамі. Таму «калі інтэлектуальныя здольнасці чалавека, рэлігія ці імперская сацыялізацыя не дазваляюць чалавеку ўключыць субцітры, якія ёсць у відэа, то гэта яго праблема».
Па-трэцяе, Конан адзначае:
«Мова, якую я выбіраю, менавіта я, адлюстроўвае мае мэты. І калі мае мэты — данесці штосьці да беларусаў і ўкраінцаў, то відавочным будзе спыніць свой выбар на беларускай. Бо з-за такога суседа-злачынцы беларусы і ўкраінцы маюць амаль аднолькавы досвед сутыкнення з прыгнётам. І разам супрацьстаяць гэтаму прыгнёту неяк зручней».
Аўтар гаворыць, што яго спробы пачынаючы з 2012 года данесці штосьці ў тым ліку і да жыхароў Расіі скончыліся бясплённа. Цяпер менавіта з Расіі на наш абшар прыходзяць самыя антыгуманныя з'явы. «Беларусам цяпер гэта добра вядома, бо законы, якія прымаюцца акупацыйнымі ўладамі тут, фактычна адлюстроўваюць законы і імпэт злачыннай Расійскай Федэрацыі», — заўважае Валянцін.
Па-чацвёртае, на погляд аўтара, «аргумент ад колькасці» ганебны нават на маральным узроўні. Ён тлумачыць, што сапраўды мова відэа ўплывае на патэнцыйную колькасць гледачоў. Але калі глядзець агулам, то гэта датычыць не толькі мовы. На колькасць аўдыторыі, на тое, як алгарытмы сацсеткі будуць прасоўваць ці не [прасоўваць] тваё відэа, уплывае таксама змест, прапрацоўка матэрыялу, жанр.
Валянцін заўважае, што добра вядома, якія відэа падабаюцца большасці гледачоў. Дастаткова глянуць на трэнды ютуба ці нанова ўсталяваць сабе TikTok, каб ён паказаў тое, што падабаецца большасці людзей.
«І гэта жахлівыя рэчы, звязаныя ці з нейкімі эратычнымі справамі, ці з дзіцячым кантэнтам, як гэта адбываецца ў ютубе, ці нават з нейкімі бязглуздымі відэа, дзе людзі знішчаюць неймаверную колькасць грошай самымі рознымі сродкамі.
На жаль, людзям агулам падабаецца не штосьці карыснае, прапрацаванае, надта складанае для ўспрымання. Людзям падабаюцца простыя рэчы, смешныя. І ў гэтым няма нічога ганебнага. Проста большасць людзей такім чынам бавяць свой час», — кажа Валянцін.
Конан падкрэслівае, што сам факт таго, што ён у 2012 годзе абраў стварэнне навукова-папулярных відэа, падкрэслівае, што ён не імкнецца да нейкай «усеагульнай вядомасці». Ствараючы свае прапрацаваныя відэа, прысвечаныя сур'ёзным тэмам, аўтар разумее, што іх не будуць глядзець мільёны гледачоў. Бо гэта вельмі складаныя тэмы.
«Нават сярод рэдактараў навукова-папулярных кніг ёсць жартаўлівае правіла пра тое, што кожная формула на аркушы паперы скарачае аўдыторыю кнігі ўдвая.
Таму, калі большасці гледачоў ва ўсім свеце падабаюцца жартоўныя рэчы, забаўляльны кантэнт, ці мушу я ствараць гэты кантэнт? Ці мушу адмовіцца ад таго, што цікава ўласна мне? Ці мушу я падпарадкоўвацца гэтай большасці і ствараць тое, што нават мне не будзе цікава? Вядома ж, не», — заўважае Валянцін.
На яго погляд, каб у свеце сапраўды ўспрымалі «аргумент ад колькасці» як нейкае залатое правіла, якім кожны мусіць карыстацца, мы былі б на ўзроўні старажытнага грамадства. Бо ўсе рабілі б тое, што падабаецца большасці.
«Навошта складаныя рэчы, народ гэтага не зразумее. Навошта прапрацоўка чагосьці, вынаходніцтва новых рэчаў. Атрымліваецца, што «аргумент ад колькасці» — ганьба чалавеку, які яго выказвае, бо ён заклікае цябе адмовіцца ад сваіх мэт, імпэту, свайго развіцця і падпарадкоўвацца нейкай эфемернай большасці. Якая ў выпадку рускай мовы на самай справе ніякая не большасць», — сцвярджае Конан.
Што датычыць другой часткі каментара пра непавагу аўдыторыі, то на гэта Валянцін адказаў наступным чынам: «Ведаеце, калі расеец бачыць непавагу ў тым, што чалавек, мову і дзяржаву, культуру і народ якога ён і яго суайчыннікі нішчылі некалькі стагоддзяў, раптоўна з-за чагосьці павяртаецца да сваёй мовы, то ў мяне толькі адна прапанова да такога чалавека. Гэта пайсці ўслед за сваім вайсковым караблём.
Сапраўдная непавага — гэта асіміляваць і знішчаць сваіх суседзяў. Непавага — гэта пасля гэтай асіміляцыі спажываць дасягненні асіміляваных. І нават не ставіць перад сабою пытання, а як жа так сталася, што чалавек іншай краіны, іншай культуры выкарыстоўвае выключна і пераважна тваю мову. І як жа так адбылося, што большасць насельніцтва гэтай краіны так блага размаўляе і разумее сваю мову.
Непавага — гэта падчас чарговай захопніцкай злачыннай вайны сваёй дзяржавы, якая па самыя валасы выпацканая ў крыві і ваенных злачынствах, нават не пачаць рэфлексаваць наконт уласнай імперскай сацыялізацыі і светапогляду. Вось жа цудоўны свет у расейцаў. Можна вельмі паважліва вынішчаць іншыя мовы. Але толькі паспрабуй на ёй выказацца. Адразу — непавага».
Валянцін заўважае, што, уласна кажучы, гэтая непавага ў каментары расейца адлюстроўвае пяты довад недарэчнасці «аргумента ад колькасці». Аўдыторыя, акрамя такой характарыстыкі, як колькасць гледачоў, мае яшчэ такую характарыстыку, як якасць гледачоў.
«І пытаннечка ў тым, а навошта мне сярод маіх гледачоў няздольныя прапрацоўваць уласную сацыялізацыю ёлупні ды імперскія вылюдкі, якія бачаць непавагу ў тым, што я размаўляю па-беларуску. Пытанне, якое не патрабуе адказу», — падсумоўвае Валянцін.
Чытайце яшчэ: