Дарадца прэзідэнта Літвы: Закрыццё двух пунктаў на мяжы з Беларуссю не акажа істотнага ўплыву на эканоміку

Ацэньваючы магчымасць закрыцця Літвой пунктаў пропуску «Цвярачус» і «Шумскас» на мяжы з Беларуссю, дарадца прэзідэнта Дарыус Урбонас мяркуе, што такое рашэнне не будзе эканамічна значным. Акрамя таго, гэта дазволіць больш эфектыўна пераразмеркаваць магутнасці на астатнія чатыры пагранпункты на мяжы з Беларуссю, піша Delfi.lt.

07.08.2023 / 11:14

З беларускага боку «Цвярачуса» знаходзіцца памежны пункт «Відзы». Фота: Віцебская мытня

«Тыя два пункты, я маю на ўвазе «Цвярачус» (з беларускага боку «Відзы») і «Шумскас («Лоша»), яны, магчыма, і не граюць такой істотнай ролі для гэтага руху, бо праз іх не можа праходзіць камерцыйны транспарт, абмежаваны пэўны аб'ём таго патоку, закрыццё, мабыць, істотнага ўплыву, з эканамічнага пункту гледжання, не акажа, — сказаў Д. Урбонас.

«Магчыма, [іх закрыццё] дапамагло б установам вырашыць некаторыя арганізацыйныя пытанні, бо ў тых пунктах не хапае пэўнага абсталявання для эфектыўнага кантролю над рухам кантрабанды. І калі гэтыя пункты закрыюцца, мы зможам тыя магутнасці, якія сёння там ёсць, накіраваць у іншыя месцы, узмацніўшы ахову нашай знешняй мяжы», — адзначыў дарадца прэзідэнта.

Паводле слоў Д. Урбонаса, рашэнне аб закрыцці пунктаў пропуску «Цвярачус» і «Шумскас» можа быць прынята ў найбліжэйшы час. Аднак, як падкрэсліў ён, апошняе слова ў гэтым працэсе будзе за ўрадам.

«Гэта рашэнне ўрада, з пункту гледжання прававога рэгулявання ў законе аб дзяржаўнай мяжы і ахове. Дакладна вызначана права ўрада прымаць такія рашэнні з улікам сітуацыі ў інтарэсах нацыянальнай, грамадскай бяспекі і ў іншых мэтах», — сказаў дарадца прэзідэнта.

Nashaniva.com