Намеснік начальніка ГУБАЗіК выступіў супраць спынення рэпрэсій

Намеснік начальніка ГУБАЗіКа Міхаіл Бедункевіч лічыць, што калі цяпер у Беларусі спыніць пераслед, то «яны зноў пачнуць працаваць супраць нас». Пра гэта ён заявіў у інтэрв’ю прапагандысту Рыгору Азаронку.

06.08.2023 / 23:04

Паводле Бедункевіча, «часам дзесьці праскокваюць на розных рэсурсах і ў розных сродках масавай інфармацыі такія вось пасылы, што, можа, мы ўжо перамаглі, можа, пара дараваць, можа, пара адстаць». Але намеснік начальніка ГУБАЗіКа з гэтым не згодны.

«Калі не працаваць над гэтым, дык тады яны зноў пачнуць працаваць супраць нас. Зʼявяцца і адужэюць тыя ж схаваныя ячэйкі, будуць развівацца ініцыятывы, будзе ісці праца па падрыве дзяржавы знутры, будуць шкодзіць, паскудзіць. Калі не будзем працаваць, зноў могуць быць перадумовы да тых праблем, якія ўзніклі ў нас не так даўно», — сказаў Бедункевіч.

Таму ён абяцае працягваць палітычныя рэпрэсіі:

«Калі яшчэ да кагосьці не дайшлі, то гэта не значыць, што яны невядомыя. Проста, магчыма, цяпер гэтага не трэба рабіць. Прыйдзе час, мы ўсё гэта раскажам і пакажам».

Бедункевіч паказаў Азаронку «трафеі ГУБАЗіКа» — каробку з рэчамі, канфіскаванымі ў рэпрэсаваных беларусаў. Сярод такіх «трафеяў»: бел-чырвона-белыя сцягі, значкі з «Пагоняй» і з выявай Кастуся Каліноўскага, а таксама камізэлькі «Прэса», у якіх журналісты працавалі на акцыях пратэсту.

Чытайце таксама:

«Узяў дубінку ў супрацоўнікаў і паказаў, як трэба біць». Байполавец — пра міністра Кубракова

Лупаносаў: Каля 40% ГУБАЗіКа было на баку народа. А вось Карпянкоў і Бедункевіч адкрыта казалі «За намі Расія»

Намеснік начальніка ГУБАЗіКа расказаў, да каго найперш прыходзяць падчас зачысткі

Nashaniva.com