Украіна атрымала французскія дальнабойныя ракеты SCALP-EG
Францыя паставіла Украіне свае дальнабойныя крылатыя ракеты SCALP-EG — практычна поўныя аналагі знакамітых Storm Shadow. Відэа новай зброі з'явілася ў афіцыйным тэлеграм-канале прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага, які пакінуў свой аўтограф на адной з ракет.
06.08.2023 / 22:18
Фота: t.me/znua_live
У канале Зяленскага 6 жніўня было апублікавана віншаванне з Днём Паветраных сіл Украіны. На кадрах прымацаванага відэа відаць бамбавік Су-24 УСУ з падвешанай пад крылом французскай крылатай ракетай SCALP-EG.
Гэтыя кадры сталі першым адназначным пацвярджэннем, што Францыя сапраўды паставіла Украіне свае дальнабойныя ракеты. Пра такі намер гаварыў французскі прэзідэнт Эмануэль Макрон 11 ліпеня 2023 года падчас саміту НАТА ў Вільні. Паводле інфармацыі агенцтва Reuters, адпраўлена было 50 ракет.
Тэхнічна ракета SCALP-EG уяўляе сабой амаль поўны аналаг брытанскіх крылатых ракет Storm Shadow, якія ўжо пастаўляюцца Кіеву. Далёкасць яе палёту складае 290 кіламетраў у экспартнай версіі, яна нясе каля паўтоны выбухоўкі (як расейскія «Калібры») і валодае радыёлакацыйнай малапрыкметнасцю.
Такая зброя часта выкарыстоўваецца для ўдараў па важных аб'ектах праціўніка ў тыле.
Чытайце таксама:
Украінскія ракеты зноў ударылі па мосце ў Чангары, які злучае Крым і Мелітопаль
Расія магла імітаваць пускі ракет з тэрыторыі Беларусі з мэтай правакацыі — ГУР Украіны
Учорашняя ракетная атака на Украіну была адной з самых масіраваных