Расія магла імітаваць пускі ракет з тэрыторыі Беларусі з мэтай правакацыі — ГУР Украіны

«Пра ракеты з тэрыторыі Беларусі — імаверна, гэта быў электронны пуск або імітацыя пуску».

06.08.2023 / 10:15

Прадстаўнік ГУР Мінабароны Украіны Андрэй Юсаў. Фота Укрінфарм

«Расія магла імітаваць пускі ракет з тэрыторыі Беларусі з мэтай правакацыі — каб уцягнуць яе ў вайну супраць Украіны». Пра гэта Укрінфарму сказаў прадстаўнік Галоўнага ўпраўлення разведкі Мінабароны Украіны Андрэй Юсаў.

«Пра ракеты з тэрыторыі Беларусі — імаверна, гэта быў электронны пуск або імітацыя пуску, бо на тэрыторыі гэтай краіны размешчаныя расійскія войскі, сілы і сродкі для рознага роду правакацый, каб уцягнуць яе ў вайну супраць Украіны», — сказаў Юсаў.

«Фізічна яго магло і не быць, але ўсё магло быць уладкавана так, быццам пускі адбываліся з тэрыторыі Беларусі. Інфармацыя цяпер правяраецца», — паведаміў афіцыйны прадстаўнік украінскай разведкі.

Нагадаем, што ўвечары 5 жніўня Паветраныя сілы УСУ папярэдзілі аб руху ракет з тэрыторыі Беларусі.

Nashaniva.com