Памёр Мікалай Каралёў
На 65-м годзе жыцця раптоўна памёр кандыдат педагагічных навук, колішні дэкан факультэта культуралогіі і сацыякультурнай дзейнасці Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Мікалай Каралёў.
05.08.2023 / 02:04
Мікалай Каралёў
Практычна ўсё жыццё Мікалая Каралёва было звязана з Беларускім дзяржаўным універсітэтам культуры і мастацтва. Сам скончыўшы тады яшчэ Інстытут культуры ў 1984 годзе, ён пасля ў ім усё жыццё і працаваў.
З 1993 да 2004 года ён кіраваў кафедрай менеджменту сацыяльна-культурнай дзейнасці, пасля быў дэканам факультэта культуралогіі і сацыякультурнай дзейнасці, прафесарам кафедры міжкультурных камунікацый БДУКМ.
З ініцыятывы Мікалая Каралёва ў БДУКМ былі адкрытыя спецыяльнасць «Сацыяльна-культурная дзейнасць», спецыялізацыі «Менеджмент сацыяльнай і культурнай сферы», «Менеджмент міжнародных культурных сувязяў» і практыка-арыентаваная магістратура «Арт-менеджмент».
Таксама яго стараннямі і пры ягонай падтрымцы былі рэалізаваныя шэраг сумесных культурна-адукацыйных праектаў для студэнтаў універсітэта, створаны клуб ЮНЕСКА «Арт-кантакт».
На працягу многіх гадоў Каралёў быў сябрам праўлення і намеснікам старшыні Рэспубліканскага грамадскага аб'яднання «Беларуская асацыяцыя клубаў ЮНЕСКА».
У 2018 годзе Мікалай Каралёў быў узнагароджаны нагрудным знакам Міністэрства культуры «За ўклад у развіццё культуры Беларусі».
Чытайце таксама: