Расіяне будуць абмяркоўваць з беларусамі забарону паставак кураціны. Кажуць, што іх не папярэдзілі

Рассельгаснагляд абмяркуе з Дэпартаментам ветэрынарнага і харчовага нагляду Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі забарону паставак беларускага мяса птушкі на знешнія рынкі. Пра гэта паведамляе прэс-служба Рассельгаснагляду.

04.08.2023 / 18:10

Цыркулярны ліст Дэпартамента ветэрынарнага і харчовага нагляду Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі. Фота: fsvps.gov.ru

«Сярод дзелавой супольнасці і ў СМІ распаўсюджваецца інфармацыя аб уведзеных Беларуссю абмежаваннях на экспарт на знешнія рынкі мяса птушкі. Расійскае ведамства запытала правядзенне перамоў з Дэпартаментам ветэрынарнага і харчовага нагляду Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь», — адзначаецца ў паведамленні Рассельгаснагляду.

Афіцыйнага паведамлення аб забароне паставак і яго прычынах ад беларускага кампетэнтнага органа Рассельгаснагляд, як сцвярджаецца, не атрымліваў.

Кансультацыі маюць адбыцца ў панядзелак, 7 жніўня.

Раней газета «Коммерсант» са спасылкай на свае крыніцы паведаміла, што Беларусь з 1 жніўня абмежавала вываз з краіны мяса птушкі, тлумачачы гэта неабходнасцю насыціць попыт унутры краіны. Рэальнай прычынай можа быць успышка птушынага грыпу на некаторых птушкафабрыках.

Пры гэтым абмежаванні не распаўсюджваюцца на экспарт у Кітай і прадукцыю холдынга «Сервалюкс Агра» (брэнд «Пятруха»).

Чытайце таксама:

Колькі каштуе мяса ў Мінску. Вялікі агляд цэн з Камароўкі, гіпермаркетаў і інтэрнэт-крам

Беларусы закупляюцца на 20 рублёў штодня — Белстат

Крамам будуць даплачваць за продаж айчынных тавараў

Nashaniva.com