У Ганцавічах фарбуюць туі. Новы арт-аб'ект да «Дажынак»?
Нестандартны спосаб прадоўжыць жыццё туям прыдумалі ў Ганцавічах. Засохлыя расліны «амаладзілі» зялёнай фарбай. Выглядае амаль падобна, галоўнае — зелена, іранізуе «Ганцавіцкі час».
04.08.2023 / 17:16
Селекцыянеры гадамі б'юцца, каб вывесці новы від раслін. І калі блакітныя елкі — гэта мінулае стагоддзе, то вочы жыхароў Ганцавіч цяпер радуюць новыя туі бірузовага колеру.
Новая славутасць знаходзіцца ў Ганцавічах на вуліцы Кастрычніцкай каля кінатэатра і фантана. Тут грунтоўна пафарбавалі дзве туі, а для трэцяй пакуль фарбы не хапіла, то яе азелянілі хоць бы плямамі.
«Вы нічога не разумееце, гэты спосаб навядзення прыгажосці выкарыстоўвалі яшчэ ў Савецкай арміі перад прыездам генералаў або іншага высокага вайсковага начальства. Салдаты СССР яшчэ памятаюць, як фарбавалі гуталінам асфальт, пэндзлікамі траву і лісце зялёнай фарбай», — успамінае пажылы жыхар Ганцавіч.
Цяпер тэхналогіі зрабілі вялікі крок наперад, таму замест пэндзлікаў ганцавіцкія камунальнікі выкарыстоўвалі пульверызатары.
Сёлета ў Ганцавічах пройдуць абласныя «Дажынкі», горад рыхтуецца прыняць тысячы гасцей. У сувязі з гэтым добраўпарадкоўваюць вуліцы і адкрываюць новыя арт-аб'екты. Напрыклад, каля чыгуначнай станцыі паставілі велізарную калонку, з якой у даўнія часы напаўнялі цягнікі.
Чытайце таксама:
У Барысаве высадзілі вялікую туевую алею, а яна ўся засохла ФОТАФАКТ