Прырода канфармізму: як людзі згаджаюцца з відавочнай няпраўдай

Сацыяльныя псіхолагі тлумачаць, чаму чалавек пагаджаецца з меркаваннем і пазіцыяй іншых людзей, хаця першапачаткова ўсведамляў іх відавочную памылковасць, і як з гэтым змагацца.

05.08.2023 / 23:24

Вядомы здымак, на якім Аўгуст Ландмесер — адзіны, хто не падняў руку ў нацысцкім салюце, 13 чэрвеня 1936 года. Фота: Wikimedia Commons

Чаму мы хочам быць як усе? Хочучы быць прынятымі ў той ці іншай сацыяльнай групе, мы прытрымліваемся тэндэнцый моды, сядаем на дыеты, слухаем музычныя хіты, наведваем папулярныя выставы, кафэ, глядзім кіно і чытаем модныя кнігі. Словам, мы робім усё, што прынята ў нашым сацыяльным асяроддзі.

Часам канфармізм мае бяскрыўдны характар, але іншым разам жаданне «быць як усе» мае сур'ёзныя наступствы. Жаданнем быць у камандзе ў тым ліку людзі апраўдвалі сваё ўступленне ў нацысцкую партыю ці суўдзел у цкаванні праціўнікаў улады.

«Як усе», людзі бяруць удзел у здзеках, у падаўленні, высмейванні, асуджэнні іншых. Напрыклад, нядаўна паведамлялася аб тым, што работнікі гомельскага завода па камандзе лукашыстаў далучыліся да асуджэння свайго калегі.

Псіхолагі адзначаюць, што канфармісцкія паводзіны ўзнікаюць з дзвюх асноўных прычын: асобаснай (унутранай) і сацыяльнай (знешняй). Унутраныя прычыны абумоўленыя прыроджанымі схільнасцямі прымаць меркаванне большасці, выхаваннем, страхам увагі да сябе, лянотай і нізкай самаацэнкай.

Сацыяльная прычына канфармізму абумоўленая ўплывам лідара, ціскам калектыву, матэрыяльнай залежнасцю.

Эксперымент Саламона Аша

Сацыяльную прыроду канфармізму навукоўцы даследуюць пачынаючы з 30-х гадоў мінулага стагоддзя. Найбольш вядомы шэраг эксперыментаў, якія праводзіў Саламон Аш у ЗША. Сваімі вынікамі ён падзяліўся ў 1951 годзе.

Падчас эксперымента студэнтаў прасілі паўдзельнічаць у «праверцы зрокавага ўспрыняцця». Насамрэч у групе з васьмі чалавек толькі адзін быў паддоследным. Усе астатнія — акцёрамі. Сапраўдная мэта эксперымента заключалася ў тым, як паддоследны адрэагуе на паводзіны акцёраў. Удзельнікам прапаноўваліся дзве карткі. На першай была адна вертыкальная чорная паласа. На другой — тры паласы рознай даўжыні.

Задачай удзельнікаў было вызначыць, якая з трох палос супадае з паласой на першай картцы, і паведаміць пра гэта ўслых. Паддоследнаму трэба было прагледзець 18 пар картак і, адпаведна, адказаць на 18 пытанняў. Кожны раз ён адказваў апошнім у групе. На першыя два пытанні ўсе давалі аднолькавыя, правільныя, адказы. Але на трэцім этапе акцёры давалі адзін і той жа няправільны адказ. Гэта бянтэжыла паддоследнага.

У кожным эксперыменце на 18 пытанняў 12 разоў усе акцёры адказвалі няправільна, але ў некаторых выпадках адзін або некалькі падстаўных удзельнікаў былі праінструктаваныя адказваць правільна на ўсе 18 пытанняў.

Псіхолаг ставіў за мэту праверыць, ці зможа паддоследны не паддацца меркаванню большасці, захаваць свой пункт гледжання і даць пры гэтым правільны адказ.

Але вынікі аказаліся нечаканымі. 75% паддоследных далі хаця б адзін няправільны адказ у 12-ці выпадках, калі акцёры адказвалі няправільна. У 37% выпадкаў адказы паддоследных адпавядалі няправільнаму адказу групы.

Толькі кожны чацвёрты ігнараваў адказы большасці і заставаўся пры сваім меркаванні. Прычым было заўважана, што значна часцей паддоследныя не згаджаліся з меркаваннем большасці, калі «змоўшчыкі» не былі аднадушныя ў сваім меркаванні.

Калі незалежных паддоследных было двое ці калі адзін з падстаўных удзельнікаў атрымліваў заданне даваць правільныя адказы, колькасць памылак падала больш чым у чатыры разы.

Эксперымент у кантрольнай групе, дзе не было змовы, паказаў, што, праходзячы гэты тэст у адзіночку, паддоследныя давалі ў 99% выпадкаў правільныя адказы, што яшчэ раз пацвярджае тэорыю аб канфармізме людзей.

Саламон Аш прыйшоў да высновы, што людзі праяўляюць канфармізм з дзвюх асноўных прычын: хочуць упісацца ў групу і вераць, што група лепш інфармаваная, чым яны.

Рэплікацыя эксперымента ў розных культурах

Але вялікі ўплыў на вынікі аказвае таксама культура грамадства. Пра гэта сведчыць крос-культурны метааналіз 134-х паўтораў даследавання, апублікаваны ў 1996 годзе.

Ён паказвае, што супраціўленне больш распаўсюджана ў індывідуалістычных грамадствах, дзе чалавек лёгка ідэнтыфікуе сябе з героямі, якія ў адзіночку выступаюць супраць усіх, чым у культурах, якія падкрэсліваюць сацыяльную згуртаванасць.

Калі, напрыклад, папрасіць кітайскіх даследчыкаў растлумачыць вынікі эксперымента Аша, яны маглі б гаварыць не пра канфармізм, а пра такт.

У 2010 годзе японскія даследчыкі паўтарылі эксперымент Аша, трохі яго адаптаваўшы. У ім удзельнічалі 104 японскія студэнты (40 хлопцаў і 64 дзяўчыны). Аднак вынік аказаўся даволі цікавым. Канфармізм праявілі толькі дзяўчаты. Хлопцы засталіся пры сваім меркаванні. Навукоўцы патлумачылі гэта асаблівасцямі выхавання японскіх хлопчыкаў, у якіх з дзяцінства выпрацоўваюць незалежнасць і ўменне адстойваць сваю пазіцыю. Даследчыкі дапускаюць, што на вынік маглі паўплываць і добрыя адносіны паміж удзельнікамі.

Крытыка тэорыі

Але не ўсе навукоўцы згаджаюцца з тэорыяй Аша. У прыватнасці, яго папракаюць у тым, што ўдзельнікі эксперыментаў былі аднаго ўзросту і полу, таму даследаванне не можа быць перанесена на ўсё грамадства.

Некаторыя крытыкі лічылі высокі ўзровень канфармізму, выяўлены Ашам, адлюстраваннем амерыканскай культуры 1950-х гадоў. У тыя гады ЗША былі вельмі кансерватыўнымі, уцягнутымі ў паляванне на ведзьмаў (вядомае як макартызм) супраць усіх, хто, як лічылася, прытрымліваўся левых поглядаў.

Праз трыццаць гадоў, у 1980 годзе, амерыканскія даследчыкі Стывен Пэрын і Крыстафер Спенсер паўтарылі эксперымент Аша, выкарыстоўваючы ў якасці паддоследных студэнтаў-інжынераў, матэматыкаў і хімікаў. Яны выявілі, што толькі ў адным з 396-ці выпрабаванняў назіральнік далучыўся да памылковай большасці.

Навукоўцы звязвалі гэта са зменамі, што адбыліся ў культурным і палітычным асяроддзі. На змену каштоўнасцям паслухмянасці і падпарадкавання прыйшла эпоха самавыражэння, што не магло не паўплываць на ўзровень канфармізму людзей.

Чаму нас вучыць эксперымент Аша

Пра што гаворыць гэты эксперымент? Саламон Аш і яго паслядоўнікі змаглі прадэманстраваць механізм таго, як людзі часта згаджаюцца з меркаваннем большасці, нават калі яно відавочна няправільнае.

Эксперымент наглядна паказвае, як важна культываваць у людзях каштоўнасць самавыяўлення, развіваць крытычнае мысленне.

Змяненне ўмоў правядзення эксперымента наглядна прадэманстравала, што наяўнасць у групе хаця б аднаго аднадумца значна памяншае канфармізм чалавека, дазваляе яму застацца пры сваім меркаванні.

Чытайце яшчэ:

Сацыяльныя псіхолагі: палітыка разнастайнасці ў кампаніях часта пераўтвараецца ў абсурд 

Псіхолагі: мэта ў жыцці важнейшая за грошы, чалавек жыве даўжэй

Антось Жупран