«Працаздольнасці Гарбацэвіча можна толькі пазайздросціць». Слуцкая раёнка пахваліла «Нашу Ніву»

У Слуцкім раёне ёсць сельскагаспадарчае прадпрыемства «Наша Ніва», якое з'яўляецца падсобным для Слуцкага мясакамбіната. Паводле паведамлення раённай газеты «Слуцкі край», справы ў «Нашай Нівы» ідуць няблага. Тут ужо справіліся з уборкай азімых рапсу і ячменю, а цяпер з тым жа імпэтам узяліся за азімую пшаніцу.

03.08.2023 / 18:06

Мікалай Гарбацэвіч. Фота: s-k.by

Сярод супрацоўнікаў «Нашай Нівы» вылучаецца Мікалай Гарбацэвіч, які працуе кіроўцам і цяпер адвозіць збожжа ад камбайнаў. Кажуць, што ўжо чатыры сезоны запар ён сярод лідараў жніва з вынікам больш як дзве тысячы тон збожжа.

Летась Гарбацэвіч быў першым тысячнікам у раёне, а ў гэтым ужо перавёз 1 400 тон збожжа.

Працаздольнасці Гарбацэвіча, як адзначаюць ягоныя калегі, можна толькі пазайздросціць.

У мінулыя гады, кажуць, ён шчыраваў цэлымі суткамі. Адгараваўшы дзень у полі, не кідаў руля і ў начную змену: адвозіў дапрацаванае на КЗСе збожжа на склады.

Ці такі самы рэжым у Гарбацэвіча і сёлета, раённыя журналісты не пішуць, але ўдзень ён працуе па-ранейшаму спраўна.

Як ён сам кажа: «За дзень, калі стаіць добрае надвор'е, паспяваю зрабіць па 10 рэйсаў, кожны каля 12-ці тон».

Тым больш што ў поле Гарбацэвічу, як і іншым работнікам, прывозяць двухразовае гарачае харчаванне. А калі хто працуе начамі, то можа разлічваць і на вячэру.

Чытайце таксама:

Вайскоўцаў кінулі на жніво

Лукашэнка: Ніхто ў калгасе не можа звольніцца без рашэння кіраўніка

У палове гаспадарак камбайны не гатовыя да жніва — КДК

Nashaniva.com