«Адчуваем сябе як у метро!» У што ўвасобілася анансаванае ўпрыгажэнне калон унутры Камароўскага рынку

Будынак Камароўскага рынку сталі «ўпрыгожваць» — фэйсліфтынг аднаго з найважнейшых месцаў Мінска анансаваў дырэктар Камароўкі ў канцы мая. CityDog.io схадзіў паглядзець на прыгажосць — і трохі здзівіўся.

03.08.2023 / 17:24

Пра якую прыгажосць гаворка?

У канцы мая 2023 года дырэктар Камароўкі Мікалай Хмяльніцкі расказаў журналістам, што да канца ліпеня 16 калон крытага рынку ўпрыгожаць дэкаратыўныя панэлі з «сюжэтамі народнай культуры і арнаментам». А перад уваходам у будынак рынку паставяць новыя ліхтары.

Чыноўнік не ўдакладняў, якога роду сюжэты і арнамент будуць у будынку, але, мяркуючы па практыцы апошніх дзесяцігоддзяў, можна было выказаць здагадку, што на калонах размесцяць фота шчаслівых фермераў або калгаснікаў з абавязковымі чырвона-зялёнымі элементамі ў афармленні. І ўсё гэта будзе абрамляцца ўзорам арнаменту з дзяржсцяга. Такі прыём дзярждызайнерамі правераны гадамі — і, што самае важнае, ён ідэалагічна вывераны.

Але афармляльнікі Камароўкі здзівілі, здаецца, усіх.

Калоны на рынку ўпрыгожаныя гэтак жа сама, як калоны на станцыі метро «Плошча Якуба Коласа».

«Адчуваем сябе як у метро!» — смяюцца прадавачкі Камароўкі, калі хтосьці з выпадковых пакупнікоў цікавіцца, што наогул адбываецца.

З 16-ці калон 10 ужо абабіта новай «прыгажосцю» — гэта копіі дэкаратыўных керамічных пліт, якімі абліцаваная станцыя метро «Плошча Якуба Коласа».

Чаму абраны менавіта такі дэкаратыўны ход — пытанне адкрытае: з аднаго боку, гэта будзе відавочна лепш, чым тыя ж чырвона-зялёныя партрэты працоўных вёскі.

З іншага боку, ці думаў калектыў аўтараў пано ў метро ў складзе Альберта Зензіна, Міхаіла Пірагова, Юрыя Багушэвіча, Генадзя Жарына, Льва Талбузіна і Уладзіміра Чурылы, што іх працу (відавочныя алюзіі на паэзію і прозу Якуба Коласа) вырвуць з кантэксту (калі прыгледзецца, то станцыя адсылае да сялянскай хаты) і перанясуць у зусім іншую архітэктурную прастору (велізарны купал, на фоне якога лёгка згубяцца любыя невялікія дызайн-элементы)?

І зробяць гэта так танна і сярдзіта — хоць і на адзін узровень эстэтычней, чым усюдыісны сайдынг, якім на Камароўцы абабіта ўсё, што толькі можна.

Падобна да таго? Яшчэ б! Праўда, дызайнеры з Камароўкі чамусьці вырашылі дзіўным чынам скадраваць малюнак і абрэзалі яго ўпрытык да галавы

Дарэчы, вось якімі пано (мяркуючы па ўсім, яны свяціліся) упрыгожвалі калоны Камароўкі ў часы БССР.

А вось як выглядаюць новыя ліхтары і лавачкі на ўваходзе на Камароўку.

Чытайце таксама:

Расійская блогерка адкрыла ў Мінску кавярню са свечкамі. А яшчэ з’явіўся прыгожы іспана-аўстралійскі рэстаран і закрыўся вінны бар

«За ўсё аддала каля 370 рублёў». Госці — пра тое, як яны з'ездзілі на Viva Braslav у гэтым годзе

Nashaniva.com