Палітзняволеную Вікторыю Кульшу зноў адправілі ў ШІЗА. За паўгода яна была там 92 дні

Вікторыю двойчы за год асудзілі паводле ч. 1 арт. 411 КК (злоснае непадпарадкаванне законным патрабаванням адміністрацыі калоніі). Апошні раз суд прызначыў жанчыне яшчэ адзін год зняволення ў дадатак да трох з паловай гадоў калоніі. 

03.08.2023 / 12:56

Вікторыя Кульша. Фота: сацсеткі

За паўгода ў зарэчанскай калоніі Вікторыя адбыла мінімум 92 дні ў ШІЗА і паўгода ў ПКТ. Па інфармацыі праваабаронцаў, адзін з наглядчыкаў душыў Вікторыю локцем, стоячы ззаду, а таксама цягаў яе па камеры. Акрамя таго, жанчына некалькі разоў у калоніі трымала галадоўкі на знак пратэсту супраць жудасных умоў. Праз гэта ў яе двойчы здараўся сардэчны прыступ.

22 чэрвеня Вікторыю этапавалі ў жаночую калонію №24.

Учора, 2 жніўня, да яе не пусцілі адваката. Прычына ў тым, што палітзняволеную змясцілі ў ШІЗА на 10 сутак, піша «Вясна».

Адрас для падтрымкі: ПК № 24, 247526, вул. Вытворчая, 44, г. п. Зарэчча, Рэчыцкі раён, Гомельская вобласць, Вікторыя Аляксандраўна Кульша.

Nashaniva.com