Канкурэнты «Беларуськалія» ацэньваюць зніжэнне яго паставак на экспарт напалову

Кампаніі Nutrien і Mosaic, асноўныя паўночнаамерыканскія канкурэнты «Беларуськалія», апублікавалі квартальныя справаздачы. У іх утрымліваецца ацэнка паставак калійных угнаенняў з Беларусі ў 2023 годзе, піша Reform.by.

03.08.2023 / 10:07

Фота: «Беларуськалій»

Mosaic прагназуе, што адгрузкі беларускіх калійных угнаенняў сёлета будуць на 5—6 млн тон меншыя, чым у дасанкцыйны перыяд. Nutrien ацэньвае зніжэнне беларускіх паставак у 4—5 млн тон у параўнанні з 2021 годам. Экспарт з РФ скароціцца на 3—4 млн тон у параўнанні з тым жа годам.

У сярэдзіне ліпеня першы віцэ-прэм'ер беларускага ўрада Мікалай Снапкоў заяўляў, што Беларусь сёлета мае намер прадаць 8 млн тон калійных угнаенняў. З пачатку года ўдалося экспартаваць праз тэрміналы Санкт-Пецярбурга 2,7 млн тон.

Звычайна Беларусь экспартавала 10—12 млн тон калійных угнаенняў.

Nutrien у сваёй справаздачы таксама знізіла прагноз сусветных паставак калію ў гэтым годзе да 63—65 млн тон. Кампанія адзначае, што будзе адчуваць цяжкасці з экспартам праз забастоўкі ў порце Ванкувера.

Яна таксама звяртае ўвагу на зніжэнне сусветных цэн на калій у другім квартале на фоне затрымкі з заключэннем кітайскага кантракта. Трэба адзначыць, што БКК назвала цану, якую атрымаў канадскі трэйдар, якая не адпавядае рынкавай сітуацыі. У трэцім квартале канадцы чакаюць росту попыту на ўгнаенні па меры вычарпання запасаў у пакупнікоў.

Разам з тым Nutrien заявіла аб рашэнні абмежаваць свой гадавы аб'ём вытворчасці калійных угнаенняў да 18 млн тон у якасці адказу на рынкавыя ўмовы.

Паводле справаздачы кампаніі, у першым паўгоддзі яна адгрузіла крыху больш за 6 млн тон угнаенняў, што на 11% менш, чым летась. Пры гэтым выручка ад продажу скарацілася на 45% да 2,01 млрд даляраў. Сярэдні кошт тоны калію ўпаў удвая ў параўнанні з мінулым годам — да 334 даляраў.

Mosaic у сваёй справаздачы таксама канстатуе зніжэнне цэн на калійныя ўгнаенні. Продаж кампаніі за другі квартал склаў 849 млн даляраў супраць 1,6 млрд даляраў летась. Пры гэтым у натуральным выражэнні збыт калійных угнаенняў знізіўся ўсяго на 0,1 млн тон да 2,2 млн тон. Сярэдняя маржа на тоне калію скарацілася за год з 403 да 155 даляраў.

Nashaniva.com