Беларускія верталёты заляцелі на тэрыторыю Польшчы ў той час, як Лукашэнка трэці дзень знаходзіцца побач у Віскулях — «Беларускі Гаюн»

Маніторынгавая група «Беларускі Гаюн» узнавіла храналогію ўчорашняга інцыдэнту, звязанага з пралётам беларускіх верталётаў на тэрыторыю Польшчы.

02.08.2023 / 07:40

З вечара 30 ліпеня Лукашэнка знаходзіцца ў рэзідэнцыі «Віскулі», што за 7,5 км ад мяжы з Польшчай. Для яго аховы ў памежжы з Польшчай яшчэ 29 ліпеня з Мачулішчаў былі перакінутыя два верталёты ВПС РБ, а трэці прыляцеў у памежжа на наступны дзень.

29 ліпеня ў раёне 17:00 з Мачулішчаў у раён в/ч каля в. Камянюкі вылецелі два верталёты ВПС РБ: Мі-8 і Мі-24 (з бартавым нумарам 14). У Камянюкі яны прыбылі ў раёне 18:30. Верталёты прыбылі туды для аховы паветранай прасторы РБ падчас візіту Лукашэнкі ў рэзідэнцыю «Віскулі».

Гэта частка стандартнай працэдуры апошніх гадоў, роўна тое ж было і ў красавіку гэтага года.

30 ліпеня ў раёне 17:00 Лукашэнка вылецеў са сваёй рэзідэнцыі пад Мінскам на верталёце Мі-8, яго суправаджаў другі Мі-8 ВПС РБ.

Праз прыкладна 1,5 гадзіны Лукашэнка прыляцеў у рэзідэнцыю «Віскулі», што за 7,5 км ад мяжы з Польшчай, а верталёт суправаджэння адправіўся да двух іншых верталётаў у раён в. Камянюкі. Увесь дзень 31 ліпеня Лукашэнка знаходзіўся ў Віскулях.

Раніца 1 жніўня

Каля 9:40 з в/ч у в. Камянюкі ўзляцелі два верталёты ВПС РБ: Мі-24 (борт нумар 14) і Мі-8, якія паляцелі патруляваць мяжу ў Камянецкім раёне Брэсцкай вобласці.

Верталёт Лукашэнкі ўзляцеў з Віскулёў каля 10:00 і адправіўся ў аграгарадок Белавежскі, куды яго суправаджаў Мі-8 ВПС РБ. У раёне 12:30 Лукашэнка вярнуўся ў Віскулі, і ўсе тры верталёты ВПС РБ селі ў Камянюках.

Верталёты ВПС РБ, якія патрулявалі мяжу, цалкам маглі заляцець на тэрыторыю Польшчы

Першыя паведамленні, што два верталёты ВПС РБ перасеклі мяжу з Польшчай пачалі паступаць ~10:30 па мінскім часе.

У гэты час Мі-8 і Мі-24 якраз патрулявалі мяжу. Па паведамленнях у сацсетках і СМІ, два верталёты былі заўважаныя над польскай вёскай Белавежа, якая знаходзіцца за два кіламетры ад мяжы.

Пазней з'явіліся фота, дзе відаць, што гэта менавіта тыя верталёты, якія ўдзельнічалі ў патруляванні мяжы з Польшчай. На Мі-24 ВПС РБ можна заўважыць бартавы нумар 14. «Беларускаму Гаюну» ўдалося праверыць адно з фота і пацвердзіць, што яно было зроблена ў Белавежы за 2,3 км ад мяжы. Гэта ж пацвярджаюць і карыстальнікі ў твітары.

У СМІ распаўсюджваецца відэа верталёта Мі-2, які не мае дачынення да ВПС РБ, імаверна, гэта польскі верталёт.

Фота Мі-24 і Мі-8 ВПС РБ над Польшчай / Фота: @SluzbyObyvatel

У тым раёне ніякіх вучэнняў не праводзілася. І верталёты да якіх-небудзь вучэнняў дачынення не маюць, а лёталі з мэтай аховы Лукашэнкі, падсумоўвае «Беларускі Гаюн».

Чытайце таксама:

Беларускія вайсковыя верталёты заляцелі ўглыб тэрыторыі Польшчы на 2 км, ішлі на нізкай вышыні

МЗС Польшчы лічыць інцыдэнт з верталётамі элементам эскалацыі

«Адна бабка сказала». Мінабароны здзекліва аспрэчыла парушэнне польскай мяжы беларускімі верталётамі

Nashaniva.com