Дзе ў Беларусі можна зарабіць на мухаморах
У жніўні ў грыбнікоў з'яўляецца магчымасць падзарабіць на зборы атрутных грыбоў. Напрыклад, у чаце ягаднікаў Ганцавіцкага раёна аб'ява аб нарыхтоўцы мухамораў была апублікаваная 27 ліпеня, заўважыў «Ганцавіцкі час».
01.08.2023 / 18:05
Фота ілюстрацыйнае
Цяпер грыбы прымаюць у вёсцы Кукава Ганцавіцкага раёна. За кілаграм капялюшыкаў мухамораў гатовыя заплаціць 1,5 рубля.
У мінулым годзе атрутныя грыбы ў гэтым рэгіёне восенню грэблі тонамі. У сярэдзіне кастрычніка, пакуль ягаднікі гнулі спіны на балотах, збіраючы журавіны, грыбнікі «касілі» мухаморы і здавалі нарыхтоўшчыкам.
Стартавы кошт мухамораў у 2022 годзе быў тыя ж 1,5 рубля за кілаграм, пасля цана паднялася да 2 рублёў за кілаграм капялюшыкаў. Толькі ў дажджлівае надвор'е нарыхтоўшчыкі скідалі цэны да 1 рубля, бо тады трэба больш выдаткаў, каб грыбы высушыць.
Вяскоўцы тады так разахвоціліся, што здавалі мухаморы па 20-60 кілаграмаў.
«Людзі так стараліся, што пад цяжарам вялікага аб'ёму мяліся капялюшыкі мухамораў. Калі мы складалі пластамі ў скрыначкі, то абломкі даводзілася выкідаць. А гэта мінус для выручкі», — гаварыла нарыхтоўшчыца.
Некаторыя грыбнікі за дзень зараблялі на мухаморах па 100 рублёў, а на прыёмных пунктах іх набіраліся тоны.
Фота: Ганцавіцкі час
У фармакалогіі экстракт чырвоных мухамораў выкарыстоўваюць для стварэння прэпаратаў супраць ангіны, эпілепсіі, артрыту, псарыязу, дэрматытаў і грыбкоў. Сродкі з мухамораў дапамагаюць пры варыкозным пашырэнні вен, папіломах, імі лечаць паталогіі спіннога мозгу, пролежні, спазмы сасудаў, фурункулы. Крэмы з экстрактам грыба робяць для лячэння варыкозу, артрыту, артрозу, астэахандрозу, падагры.
А вось у сырым выглядзе ўжываць мухамор ні ў якім разе нельга. Гэта галюцынагенны грыб, які можа выклікаць моцнае атручванне, аж да смяротнага зыходу.
Чытайце таксама:
Чацвёра падлеткаў дзеля галюцынацый паелі сушаных мухамораў і трапілі ў рэанімацыю
У Магілёве ўсё часцей труцяцца сушанымі мухаморамі
Жыхар Бабруйска захацеў павялічыць свой імунітэт мухаморамі. Усё скончылася біццём галавой маршрутак