Нобелеўская лаўрэатка Аун Сан Су Чжы часткова памілаваная ўладамі М'янмы. А разам з ёй яшчэ 7700 палітвязняў
абноўлена
Раней яе асудзілі на 11 гадоў. А цяпер яна будзе сядзець 6 гадоў.
01.08.2023 / 09:25
Фота: Lauren DeCicca / Getty Images
Экс-дзярждарадца М'янмы Аун Сан Су Чжы памілаваная ўладамі, паведамляе тэлеканал MRTV.
Разам з ёй памілаванне атрымалі 7700 чалавек.
Падчас папярэдніх судовых працэсаў яе асудзілі да 11 гадоў зняволення паводле самых розных абвінавачванняў, якія яна адмаўляла і называла палітычна матываванымі.
Су Чжы ў 1988 годзе вярнулася з Брытаніі ў М'янму і ўзначаліла апазіцыю, 15 гадоў правяла пад хатнім арыштам. У 1991-м стала лаўрэаткай Нобелеўскай прэміі міру. З'яўлялася дзярждарадцам з 2016 да лютага 2021 года. На пасаду прэзідэнта прэтэндаваць не магла згодна з мясцовым заканадаўствам.
1 лютага 2021 года м'янманскія вайскоўцы зладзілі пераварот і абвясцілі пра ўвядзенне надзвычайнага становішча тэрмінам на год і зняцце кіраўніцтва краіны, уключаючы прэзідэнта Він М'іна і Аун Сан Су Чжы. Прадстаўнікі войска патлумачылі гэта маштабнымі фальсіфікацыямі, якімі, як яны сцвярджаюць, суправаджаліся ўсеагульныя парламенцкія выбары, якія прайшлі ў лістападзе 2020 года, на якіх зноў перамагла Су Чжы.
Тады хунта абвінаваціла Су Чжы ў парушэнні дзяржаўнай таямніцы, нелегальным увозе партатыўнай радыётэхнікі, выкарыстанні гэтай апаратуры без дзяржаўнай рэгістрацыі, парушэнні рэжыму надзвычайнага становішча і атрыманні хабару. Яе арыштавалі 1 лютага проста ў кабінеце, з таго моманту да суда яе ніхто не бачыў.
Су Чжы на сёння 78 гадоў.