Якія колеры будуць актуальныя гэтай восенню. Інстытут Pantone вызначыў галоўныя адценні сезона
«Гарачая памадка», «Пяшчотны персік»… Каб быць у трэндзе гэтай восенню, паглядзіце, якія модныя адценні прапануе вядучы інстытут вывучэння колеру Pantone.
01.08.2023 / 09:24
Фота: інстаграм Pantone
Інстытут Pantone прагназуе глабальныя каляровыя тэндэнцыі і выдзяляе лепшыя адценні кожнага сезона. Каб зразумець, якія колеры стануць папулярнымі, спецыялісты цэнтра выкарыстоўваюць даследаванні ў галіне псіхалогіі, маркетынгу і дызайну. Вынікам працы становіцца паўгадавы прагноз тэндэнцый Pantone Fashion Color Trend Report. Ён служыць своеасаблівым даведнікам для брэндаў, журналістаў і звычайных аматараў моды.
У палітры будучага сезона прадстаўлены пятнаццаць модных колераў: дзесяць акцэнтных і пяць класічных. Прапануем паглядзець на самыя інтрыгуючыя, бо менавіта яны будуць папулярныя ў халодныя месяцы.
Галоўны колер гэтага года — Viva Magenta застаецца актуальным. Гэтае адценне будзе выдатна глядзецца ў калекцыях восеньскага адзення: кашміравыя і вязаныя вырабы з яго стануць асабліва ўдалымі. Зрэшты, дадаваць Viva Magenta у гардэроб трэба асцярожна — калі вы выкарыстоўваеце яго ў тотал-лук варыянце, ён патрабуе ідэальнага тону скуры.
Фота: інстаграм Pantone
Яшчэ адзін свежы колер — Tender Peach, падыдзе для аматараў цёплых бэжавых адценняў. На «Пяшчотны персік» варта звярнуць увагу людзям з мяккім каларытам знешнасці — для іх ён можа стаць базавым.
Фота: Pinterest
У восеньскай палітры прадстаўлена адценне гуллівай фуксіі — Rose Violet. Ружова-фіялетавы будзе выдатна глядзецца ў дэталіроўцы вобразаў або ў якасці памады. Манахромныя лукі ў гэтым колеры патрабуюць ідэальных макіяжу і прычоскі.
Фота: Pinterest
Адзін з галоўных колераў сезона — Eclipse, зачароўвае сваёй глыбінёй. Асабліва ўдала ў гэтым цёмна-сінім будуць глядзецца паліто, швэдры, а таксама доўгія сукенкі.
Фота: Pinterest
Гэтай восенню, замест звыклага белага і бэжавага, дызайнеры будуць выкарыстоўваць больш складаныя адценні — цёплы Coconut Milk і халодны Silver Birch. Яны створаць цікавую базу для лукаў і будуць добра міксавацца з астатнімі трэндавымі колерамі.
Фота: Pinterest
Загадкавы цёмна-карычневы колер спецыялісты PANTONE назвалі «Гарачая памадка» або Hot Fudge. Калі вам надакучыў базавы чорны — гэтае адценне зможа лёгка яго замяніць. Тым больш, што выглядае яно больш стыльна і складана.
Фота: Pinterest/Unsplash.com
Тым, хто любіць яркае адзенне, відавочна спадабаецца Fiery Red. Вогненна-чырвоны будзе добра глядзецца як у тотал-луках, так і ў аксэсуарах ці макіяжы. Да памад у Fiery Red модніцам насамрэч варта прыгледзецца.
Фота: Pinterest/інстаграм Пэдра Паскаля
Далікатнае адценне халоднага блакітнага падыдзе для паўсядзённых вобразаў. Lacecap Hydrangea будзе добра асвяжаць твар, таму на яго варта звярнуць увагу.
Фота: Pinterest/Unsplash.com
Spectra Yellow — жыццярадасны колер, які выратуе ад восеньскай маркоты. Ён сагрэе ў халоднае надвор'е і наладзіць на энергічны лад. Акрамя таго, у яркім жоўтым складана застацца незаўважаным, таму апынуцца ў цэнтры ўвагі ў ім асабліва проста.
Фота: Pinterest/інстаграм Pantone
Цяпер, калі вы ведаеце трэндавыя колеры будучага сезону, вам будзе лягчэй падрыхтаваць да яго свой гардэроб. Каб зрабіць паход за пакупкамі эканомным і прыемным, не забудзьцеся зазірнуць у наша кіраўніцтва па шопінгу на распродажах.
Чытайце таксама:
10 сукенак беларускіх брэндаў, якія выратуюць у летнюю спёку
Гайд па шопінгу ў сезон распродажу: як выйсці з крамы з поўным кошыкам і не з пустым кашальком