Пазняк: Стварэнне Рады бяспекі адкладзена з-за ўнутраных прычын

Сёння ў Беластоку лідар руху «Вольная Беларусь» Зянон Пазняк сустрэўся з мясцовай беларускай дыяспарай. Падчас сустрэчы ён праясніў лёс сумеснай з Палком Каліноўскага Рады бяспекі, пра дамоўленасць адносна стварэння якой гаварылася ў пачатку года.

30.07.2023 / 20:04

«Шмат было працы, падрыхтаваныя ўсе дакументы, але пакуль што яно адкладзена з-за ўнутраных прычын. Больш я не магу сказаць», — цытуе Пазняка «Позірк».

Пра тое, што паміж палком і «іншымі нацыянальна-дэмакратычнымі арганізацыямі» вядуцца «кансультацыі аб стварэнні ваенна-палітычнай структуры — Рады бяспекі з мэтай абароны нацыянальных інтарэсаў Беларусі ва ўмовах вайны ва Украіне і акупацыі Беларусі РФ», Зянон Пазняк заявіў на прэс-канферэнцыі ў Варшаве 7 лютага.

Перад гэтым у канцы студзеня палітык разам з іншымі прадстаўнікамі свайго руху Паўлам Усавым і Дзмітрыем Шчыгельскім наведаў ва Украіне пазіцыі беларускага палка Каліноўскага.

Перад сустрэчай з дыяспарай Зянон Пазняк даў інтэрв'ю радыё «Рацыя», у якім расказаў, як ягоны рух цяпер працуе ў Беларусі: 

«Там задачы пастаўлены такім чынам — каб сведамыя беларусы стваралі суполкі па 2-3 чалавекі, каб яны паміж сабой абмяркоўвалі пытанні, дакументы, збіралі мясцовую інфармацыю аб здрадніках, калабарантах, усё гэта павінна быць. Але не ствараць арганізацыі вялікія. Бо абавязкова будуць шпіёны. І яны распаўсюджваюцца па гарызантальнай лініі. Гэта значыць, калі два чалавекі, то адзін з іх знаёміцца з трэцім чалавекам, а першы не ведае. І такім чынам, адбываецца такое гарызантальнае распаўсюджванне».

Чытайце таксама:

Як бы выглядалі беларускія палітыкі і прапагандысты ў сусвеце «Барбі» ФОТЫ

Вярхоўны суд ліквідаваў Кансерватыўна-хрысціянскую партыю

Пазняк: Я паспрыяў Сахашчыку, даў яму шмат авансаў. На жаль, ён іх не апраўдаў

Nashaniva.com