Трамп патлумачыў, чаму трэба ладзіць з Расіяй

На думку былога прэзідэнта і прэтэндэнта ў прэзідэнты на наступных выбарах, ЗША павінны ладзіць з Расіяй, бо запасы яе ядзернай зброі перавышаюць амерыканскія. Гэтую заяву ён зрабіў на мітынгу прыхільнікаў у штаце Пенсільванія.

30.07.2023 / 15:15

Дональд Трамп на мітынгу ў Эры (Пенсільванія), 29 ліпеня 2023 года. Фота: Sue Ogrocki / AP

«Фэйкавыя навіны ненавідзяць, калі я кажу, што добра ведаю яго [Уладзіміра Пуціна], што я ладзіў з ім. Не, ладзіць — гэта добра. У іх больш ядзернай зброі, чым у нас. Прыкладна столькі ж, але крыху больш. Вы можаце такое ўявіць?» — сказаў Трамп на мітынгу прыхільнікаў у Пенсільваніі.

Ён чарговы раз адзначыў, што калі б заставаўся кіраўніком дзяржавы, то канфлікту паміж Расіяй і Украінай не здарылася б, бо ён мог бы паўплываць на Пуціна.

Nashaniva.com