Аляксандр Івулін расказаў, што яму сніцца пасля калоніі
На анлайн-марафоне «Нам не ўсё адно!» аўтар ютуб-канала «ЧестнОК» і былы палітвязень Аляксандр Івулін расказаў, што з выхадам на волю гісторыя арышту не сканчаецца.
29.07.2023 / 11:55
Аляксандр Івулін. Фота: «Наша Ніва»
30-гадовы Аляксандр на волі паўгода. Ён кажа, што апошні месяц яму сніцца шмат зоны, пагоні, пераслед з затрыманнямі, допыты.
Сніўся яму і памерлы ў няволі мастак Алесь Пушкін.
«Мы з ім перасякаліся на каранціне», — расказвае былы палітвязень, які трапіў з мастаком у адну калонію ў Івацэвічах.
Паводле яго слоў, такія ж сны сняцца і іншым былым зняволеным.
«Ты выйшаў, а твой мозг яшчэ сядзіць», — пераказвае ён словы знаёмага музыканта.
«Гэта непрыемныя адчуванні», — прызнаецца былы палітвязень.
Ён лічыць, што па выхадзе з месцаў пазбаўлення волі нявольніцкая гісторыя не сканчаецца.
Па вызваленні пачынаецца даволі працяглы працэс сацыялізацыі, і былому арыштанту патрэбная дапамога для вяртання да нармальнага жыцця.
Івулін кажа, што яму дапамагалі шмат людзей.
Ён раіць былым арыштантам не саромецца, а звяртацца па дапамогу.
Блогера ўтрымлівалі за кратамі з 3 чэрвеня 2021-га. 19 студзеня 2022-га суд даў Івуліну два гады калоніі за ўдзел у мірных пратэстах. Ён поўнасцю адбыў тэрмін і выйшаў на волю 17 лютага 2023 года.
Сёння ад 10 да 22 гадзіны праходзіць анлайн-марафон падтрымкі беларускіх палітвязняў. Ахвяраваць грошы можна па спасылцы: salidarnasc.com