Сёння анлайн-марафон у падтрымку палітвязняў. Далучайцеся!
29 ліпеня беларускія незалежныя медыя і праваабарончыя ініцыятывы арганізуюць анлайн-марафон «Нам не ўсё адно!», каб сабраць грошы для палітвязняў і іх сем’яў. Як паўдзельнічаць і што будзе ў эфіры?
29.07.2023 / 10:08
Марафон будзе ад 10 ранку да 10 вечара па мінскім часе на шматлікіх незалежных ютуб-каналах. Трансляцыя будзе і на канале «Нашай Нівы».
Падзею падтрымлівае больш за 20 незалежных медыя.
Грошы для палітвязняў можна данаціць ужо ад учора. Збор закрываецца ў 23:59 30 ліпеня. Дапамогу будуць збіраць на адзін рахунак. Каб заданаціць, пераходзьце на сайт salidarnasc.com.
На эфіры будуць Святлана Ціханоўская, Павел Латушка, кіраўнік «Байсола» Андрэй Стрыжак, блогер Андрэй Павук, палітолаг Арцём Шрайбман, блогеры Саша Івулін і Мікіта Мелказёраў, музыкі Юрый Стыльскі і Піт Паўлаў, пісьменніца Святлана Курс і многія іншыя. У эфіры будуць і былыя палітвязні.
Што будзе далей з сабранымі сродкамі?
Пасля анлайн-марафону пройдзе першае пасяджэнне назіральнай рады з прадстаўнікоў медыя, што рэалізоўваюць праект. Яны прымуць рашэнне аб тым, як размеркаваць сабраныя сродкі паміж арганізацыямі-ўдзельніцамі марафону, а тыя, у сваю чаргу, змогуць на сабраныя грошы дапамагчы сем’ям палітвязняў, з якімі працуюць. Праз нейкі час (меркавана, праз тры месяцы) назіральная рада вывучыць справаздачы арганізацый і агучыць публічную заяву пра тое, на што пайшлі сродкі.
Якія арганізацыі ўдзельнічаюць:
- сацыяльны праект INeedHelpBY;
- праект дапамогі палітзняволеным беларускам «Палітвязынка»;
- праваабарончая ініцыятыва дапамогі палітвязням Dissidentby;
- фонд дапамогі беларусам у Літве RAZAM;
- ініцыятыва BY_help;
- Беларуская асацыяцыя палітвязняў «ДА ВОЛІ»;
- Беларуская рада культуры;
- фонд медыцынскай салідарнасці ByMedSol;
- Беларускі фонд спартыўнай салідарнасці;
- фонд беларускай салідарнасці BYSOL;
- дабрачынны фонд «Краіна для жыцця»;
- публічная дабрачынная арганізацыя Littouwin LIONS CLUB;
- Анархічны чорны крыж — Беларусь.
Паводле падлікаў «Вясны», у краіне цяпер 1475 палітвязняў. Праваабарончая ініцыятыва Dissidentby называе лічбу ў 1741 чалавек. Гэты тыя, хто цяпер знаходзіцца ў няволі за палітыку.
Арганізатары падзеі нагадваюць пра меры бяспекі — не варта данаціць з выкарыстаннем расійскіх ці беларускіх плацежных інструментаў. Таксама, калі вы знаходзіцеся ў Беларусі, не рэпосціце, не лайкайце і не каментуйце трансляцыі са сваіх персанальных акаўнтаў.