«Кожны эмігрант пражывае сацыяльную смерць». Як захаваць адносіны ў вымушанай эміграцыі?

Эміграцыя — гэта стрэс. А вымушаная эміграцыя — стрэс удвая. Таму што адна рэч, калі ты некалькі гадоў свядома рыхтаваўся змяніць свой свет: вучыў замежную мову, шмат чытаў пра будучае месца жыхарства, шукаў працу і жыллё ў новай краіне, адкладаў фінансавую падушку бяспекі. І зусім іншая — калі табе за некалькі дзён прыйшлося збіраць заплечнік і ехаць у невядомасць.

01.08.2023 / 08:58

Нядзіўна, што на фоне гэтага шмат у якіх сем'ях псуюцца адносіны. Пра тое, як захаваць шлюб і ці заўсёды варта гэта рабіць, «Наша Ніва» паразмаўляла з псіхолагам Ліліяй Ахрэмчык. Лілія не тэарэтык у гэтым пытанні. Яна сама была вымушаная з'ехаць з Беларусі праз сваю палітычную актыўнасць разам з мужам і сынам спачатку ва Украіну, а потым у Грузію.

Спачатку эйфарыя, пасля раздражненне

— Трэба сказаць пра тое, што для адаптацыі ў новай краіне характэрна некалькі этапаў. Спачатку эйфарыя, калі чалавека ўсё навокал прыводзіць у захапленне. Потым наступае момант, калі ён перастае адчуваць сабе турыстам і пачынае параўноўваць жыццё ў Беларусі з жыццём за мяжой. Усё часцей адчувае раздражненне праз тое, што нешта не так, як ён прывык: ад рэжыму працы крам да палітычнага ўладкавання.

Калі я чытаю інтэрв’ю з эмігрантамі ў Грузіі, то часта бачу скаргі пра тое, што тут не так чыста, як у Мінску, дрэнна са службамі дастаўкі, да якіх людзі прывыклі… Здаецца, дробязі, але калі іх шмат, то гэта нервуе.

І вось гэтая незадаволенасць адрозненнямі можа перайсці ў дэпрэсію. Чалавек можа сутыкнуцца з апатыяй, упадкам сіл, нежаданнем рабіць нешта для адаптацыі. Тады нехта адчувае патрэбу вярнуцца на радзіму, нехта днямі ляжыць на ложку і не можа ўстаць — няма сіл выйсці з дому, працаваць… А нехта, наадварот, адчувае прыліў злосці. Кожны эмігрант (тым больш вымушаны) пражывае сацыяльную смерць: ён страчвае свой сацыяльны статус, дасягненні, на якія сышло шмат гадоў, сяброў.

Камусьці трэба кардынальна мяняць прафесійныя навыкі і пераходзіць у абсалютна новую сферу.

Нехта ў сям’і адаптуецца хутчэй, а другі завісае ў дэпрэсіі

— Калі эмігруе пара, то могуць не супадаць па часе гэтыя этапы — хуткасць пражывання ў кожнага свая. Бывае, што нехта ў сям’і адаптуецца хутчэй: знаходзіць працу, знаёміцца з іншымі людзьмі, пачынае хадзіць на мерапрыемствы. А другі завісае ў дэпрэсіі. Напрыклад, жонка больш актыўная — хуценька знайшла працу, на бізнэс-сняданак схадзіла, з новымі знаёмымі на канцэрт пайшла, а яе мужу нічога не трэба, і ён толькі стогне: «А можа вернемся?» І ў такім выпадку людзі могуць раздражняць адно аднаго. Вось вам і глеба для канфлікту. У адносінах надыходзіць крызіс. 

Калі людзі знаходзяцца ў розным эмацыйным стане і хочуць ад жыцця рознага, напрыклад: жонка ўжо будуе планы на гэту краіну, а муж думае толькі пра вяртанне ў Беларусь — крызіс лёгка можа прывесці да разводу. Бо розныя погляды на будучыню — і на сваю асабістую, і на будучыню сям’і — гэта вельмі сур’ёзная праблема. Таму трэба працаваць над тым, каб не дайсці да пункту невяртання. 

Хочацца знайсці вінаватага

— Яшчэ адной нагодай для сварак можа быць такая сітуацыя, калі сям’я была вымушаная з’ехаць з-за аднаго чалавека. Так было ў мяне: муж казаў, што гэта праз мяне ўсё паламалася, што, калі б я сядзела ціха, мы маглі б і цяпер добра жыць у Беларусі. А я ў адказ абвінавачвала яго ў тым, што ён не можа зарабляць на новым месцы.

Гэта ўсё зразумела: калі рэзка здараецца нешта такое, хочацца знайсці вінаватага. І, вядома, прасцей абвінаваціць чалавека побач, чым тых, хто насамрэч у гэтым вінаваты. Ты ж не выкажаш усё дыктатару, а вось камусьці блізкаму — лёгка.

Ёсць шанец захаваць адносіны, калі кожны пачынае будаваць на новым месцы свой сусвет, а не вісне каменем на шыі партнёра

— У часы нявызначанасці кожны хоча бачыць у партнёру апору. Але ж пра якую апору мы можам гаварыць, калі абое ў складанай сітуацыі? Адзінае, што я магу параіць, — гэта памятаць пра асабістую адказнасць. Не трэба злівацца ў адзінае цэлае ў новай краіне, кожны павінен сам спрабаваць стаць на ногі, не чакаючы, што гэта зробіць за цябе нехта іншы. Неабходна ствараць сабе апоры.

Памятаю, як было ў нас. Я пачала хадзіць у каворкінг, убачыла рэкламу і вырашыла наведаць канцэрт, потым — стэндап, пачала знаёміцца з людзьмі. Муж у гэты час стварыў чат, дзе сабраў людзей па сваіх інтарэсах — потым яны сталі збірацца гэтым чатам, праводзіць нейкія свае мерапрыемствы. У пары ёсць шанец захаваць адносіны, калі кожны пачынае будаваць на новым месцы свой сусвет, а не вісне каменем на шыі партнёра. Бо любы чалавек захоча скінуць камень. Калі табе самому цяжка, ты не станеш цягнуць лішні груз. 

Гэта момант псіхалагічнага сталення. Трэба прызнаць: я дарослы, іншых дарослых няма. Напрыклад, у Беларусі можна чакаць, што бацькі ў экстраннай сітуацыі пазычаць грошай ці прадуктаў прывязуць. Тут такога не будзе.

Калі ў пары кожны адчуе сябе па-сапраўднаму дарослым, то тады ў сям’і можа быць будучыня. А калі нехта застанецца інфантылам, то наўрад ці.

Усвядомленае гараванне не можа доўжыцца доўга

— Калі мы перажываем моцнае ўзрушэнне, то часта рэгрэсуем у дзіця — гэта асаблівасць псіхікі. Хочацца, каб нехта ўзяў на ручкі і вырашыў твае праблемы. Так, можна гэта сабе дазволіць. Толькі трэба адразу вызначыць перыяд, на які вы сабе дазваляеце пабыць дзіцем, каб паплакаць, пабедаваць па сваім мінулым, паваляцца ў ложку. Напрыклад, два тыдні ці месяц. А потым — усё, трэба станавіцца дарослым.

Важна прагаварыць гэта партнёру: «Слухай, у мяне няма сіл, няма рэсурсаў, я не ведаю, на што абаперціся. Мне хочацца суткамі глядзець у адзін пункт і плакаць. Мне на гэта трэба вось столькі часу». 

Насамрэч важна дазволіць сабе плакаць. Калі вы свядома гэта зробіце, то гісторыя скончыцца нашмат хутчэй. Плакаць без перапынку можна тры, ну чатыры дні. Больш наўрад ці зможаце. А далей мозг пачне падкідваць ідэі: «Давай, ідзі на вуліцу пагуляй. Не? Ну фільм паглядзі».

Усвядомленае гараванне не можа доўжыцца доўга. А вось фонава — калі ты прымушаеш сябе нешта рабіць і выцясняеш смутак — можна гараваць месяцамі. Гэта шлях да дэпрэсіі.

Вядома, важна, каб партнёр у гэты час быў у лепшым эмацыйным стане і мог даць гэтую паўзу. Прагаварыўшы, што потым у яго таксама будзе магчымасць расслабіцца. Калі ў партнёра рэсурсу няма, то такая просьба можа справакаваць новую хвалю сварак. Гэта даволі цяжка — спрабаваць разумець адно аднаго, адэкватна ацэньваць, у каго цяпер больш сіл.

Галоўнае — шчыра размаўляць, слухаць і звяртаць увагу на стан партнёра. Трэба шукаць баланс паміж тым, каб заставацца беражлівым і да сябе, і да яго.

Напрыклад, я ў нейкі момант заўважыла, што ў мужа дэпрэсія: ён быў увесь час раздражнёны, мала спаў (каля дзвюх гадзін у суткі), з ежай праблемы ўзніклі. Мне пашанцавала, што мой муж вучыўся на псіхолага і нейкі час працаваў па спецыяльнасці. Таму ён не стаў адмахвацца ад маёй здагадкі, а прааналізаваў усё і сказаў: «Так, ты маеш рацыю». Некалькі месяцаў ён прапіў антыдэпрэсанты і літаральна ажыў — і працаваць змог больш прадуктыўна, і сацыяльнай актыўнасці ў яго жыцці стала больш.

Залежнасці — гэта разбуральна

— Здараецца, што ў вымушанай эміграцыі ў кагосьці здаюць нервы і пачынаюцца праблемы з алкаголем. І тут, вядома, узнікае шмат пытанняў, што рабіць, калі твой партнёр пачаў злоўжываць. Важна не скаціцца ў выратаванне і бясконцае самаахвяраванне.

Што можна рабіць у такой сітуацыі? Я б рэкамендавала шчыра сказаць, што бачу ў гэтым праблему, і паставіла б нейкія ўмовы: «Альбо ты вырашаеш пытанне, напрыклад, з дапамогай псіхатэрапеўта, альбо знаходзіш сілы ў сабе». Абавязкова пазначыла б тэрмін, напрыклад, месяц на прыняцце рашэння. Калі партнёр за месяц нічога не зрабіў, то я ўжо думала б пра тое, каб разысціся. Доўга я не стала б у гэта гуляць.

Я магу зразумець жаданне заглушыць эмоцыі — калі чалавеку вельмі балюча, ён не хоча нічога адчуваць. Трэба шукаць больш экалагічныя варыянты — групавая тэрапія, індывідуальная. Вядома, не факт, што чалавек пагодзіцца. Але гэта не значыць, што іншы павінен марнаваць сваё жыццё на яго выратаванне. Калі чалавек гаворыць «Не хачу, не буду», трэба прыняць гэтую адмову і будаваць сваё жыццё, зыходзячы з гэтай рэчаіснасці. Ці хочаш ты быць жонкай алкаголіка ці мужам алкагалічкі?

На мой погляд, сур’ёзныя праблемы з алкаголем — гэта якраз тая сітуацыя, калі адносіны захоўваць не трэба. Я хачу сказаць, што пазбягаць разводу любой цаной не трэба. Вы можаце пазначыць для чалавека праблему. Можаце нават некалькі разоў сказаць, прапанаваць варыянты рашэння. Але калі ён нічога не хоча рабіць, то трэба знайсці ў сабе мужнасць перастаць быць выратавальніцай.

Няма ніякай драмы і трагедыі ў тым, што людзі ў эміграцыі разыходзяцца. Няхай нават у Беларусі ў іх усё было добра. Яны прайшлі адзін этап, а новы этап разам прайсці не могуць. Могуць перастаць супадаць каштоўнасці, жыццёвыя мэты — гэта трэба прызнаць і жыць далей.

Чытайце таксама:

Ці хочуць нашы дзеці, каб мы расказвалі пра іх жыццё ў сацыяльных сетках?

«Правіла пяці хвілін». Беларусы расказалі, як зліваюцца са спаткання, калі яно не падабаецца

«Я павінна рабіць гэта бясплатна? Не, адназначна». Сурагатная маці пра жыццё, хэйт і стэрэатыпы

Nashaniva.com