У Варшаве пакажуць фільм «ЧынЧыны праляцелі кукушкай»

У нядзелю, 30 ліпеня, ганаровыя сябры ЧынЧынЧанэл Сяргей Мікалаевіч і Мікалай Сяргеевіч запрашаюць беларусаў Варшавы паглядзець вялікі фільм пра сябе любімых «ЧынЧыны праляцелі кукушкай», паведамляе тэлеграм-канал «Будзьма разам».

28.07.2023 / 09:28

Паводле сюжэта Сяргей Мікалаевіч і Мікалай Сяргеевіч прыбываюць у Лядскую псіхіятрычную лякарню №1, каб наведаць загадкавую пацыентку, Алену ЖалудOk. Нішто не вяшчуе неспадзяванак, аднак…

Вось вам цытаты першых асоб, якія паглядзелі фільм:

«Пасля прагляду прараніў скупую дзяржаўную слязу». 

«Ужо паднята пытанне пра ўзнагароджанне аўтараў ордэнамі і далучэнне дадзенага фільма ў школьную праграму».

То і вы прыходзьце прараніць сваю слязу. 

Фільм пакажуць аўтары праекта «ЧынЧынЧанэл» — акцёры Міхась Зуй і Алена Зуй-Вайцяхоўская, рэжысёр Андрэй Кашперскі і іншыя. 

У вас будзе магчымасць пазнаёміцца з імі асабіста, атрымаць аўтографы і заўвагі з занясеннем у асабістую справу, набыць ідэалагічна правільныя налепкі і бадзёры настрой на ўвесь працоўны тыдзень, а таксама пачуць ужывую ўсе хіты ўзыходзячай зорачкі беларускай эстрады Алены ЖалудOk! 

Уваход — данат ад 25 злотых.

Nashaniva.com