«Белавія» прадае адзін са сваіх «Боінгаў»
Беларуская авіякампанія «Белавія» прадае адзін са сваіх самалётаў Boeing. Аўкцыён прызначылі на 18 жніўня. Стартавая цана — 5,7 мільёна рублёў. Самалёт Boeing 737-500 выпушчаны ў 1996 годзе і мае бартавы нумар EW-290PA.
27.07.2023 / 19:39
Фота: ipmtorgi.by
У аўкцыённым лоце паведамляюць наступнае:
«Маёмасць, якая была ва ўжытку. Працаздольнасць РУЗ, вузлы і агрэгаты не правяраліся. У час інструментальнага кантролю, дыягностыкі, разборкі магчыма выяўленне схаваных дэфектаў. Удзельнік аўкцыёну самастойна знаёміцца з прадметам аўкцыёну, яго камплектнасцю, наяўнасцю дакументацыі і бягучым тэхнічным станам у месцы яго знаходжання да пачатку таргоў».
Фота: ipmtorgi.by
Першапачаткова гэты самалёт уваходзіў у склад паветранага флоту Бразіліі, потым выкарыстоўваўся літоўскім авіяперавозчыкам, а ў «Белавія» ён з 2009 года.
Сёлета борт EW-290PA лётаў усяго адзін раз, з Екацярынбурга ў Мінск, а потым стаяў на захоўванні.
Улады ЗША ў 2022 годзе забаранілі абслугоўванне Boeing з Беларусі, таму рухавікі гэтага паветранага судна маюць патрэбу ў капрамонце.
Зыходзячы са звестак з сайта «Белавія», у парку авіякампаніі яшчэ застаюцца і іншыя самалёты Boeing і Embraer.
Чытайце таксама:
Мінскі аэрапорт запусціў у тэлеграме віртуальнага памочніка для пасажыраў
У Мінску задумаліся над авіярэйсам, які злучыць Беларусь і Кубу