То козы, то сувязісты, то касцы. У Чэрыкаве ўжо два разы спрабавалі закласці парк каля возера, ды ўсё не па кані корм 

У Чэрыкаве на пустцы каля возера ў раёне вуліц Кавалёва і Сормаўскай ужо неаднаразова спрабавалі высадзіць саджанцы ліпы і бярозы, каб стварыць паркавую зону. Аднак кожны раз умешваюцца розныя абставіны, і праца ўрэшце ідзе ў глум, піша раённая газета «Веснік Чэрыкаўшчыны».

27.07.2023 / 18:17

Пяць гадоў таму саджанцы ліпы тут высаджвалі пад кіраўніцтвам намесніка старшыні райвыканкама. Аднак не ўлічылі, што сюды любіла вадзіць пасвіць свой казіны статак мясцовая жыхарка з дому непадалёк. Скончылася тым, што жывёлы пааб'ядалі парасткі, і яны засохлі.

Увосень 2021 года мясцовы жыхар Віктар Раманаў, кіраўнік аднаго з грамадскіх аб’яднанняў, паспрабаваў пасадзіць парк другі раз. Гэтым разам саджалі ліпы і бярозы, і козы ў справу не ўмешваліся: з іхнімі гаспадарамі правялі тлумачальную работу. Але было каму шкодзіць і без коз.

«Прыкладна праз тыдзень пасля пасадкі некалькі дзясяткаў саджанцаў было вырвана з каранямі, — распавёў выданню Віктар Раманаў. — На наступны год на месцы пасадкі засталося каля 10 саджанцаў, астатніх нават выдранымі не аказалася».

Намеснік старшыні Чэрыкаўскага райвыканкама, які курыруе пытанні будаўніцтва і жыллёва-камунальнай гаспадаркі, Дзмітрый Клімянкоў выказаў здагадку, чым можа тлумачыцца гэтая прыкрая з'ява.

«З досведу скажу: часам мы сутыкаемся з тым, што грамадзяне прапаноўваюць азеляніць той ці іншы ўчастак у горадзе або іншых населеных пунктах раёна, але, як высвятляецца пазней, у гэтых месцах пралягаюць рознага роду камунікацыі, якія не сумяшчальныя з пасадкамі дрэў.

Наколькі мне вядома, у месцы, пра якое ідзе гаворка, таксама пралягаюць лініі сувязі, на вызначанай адлегласці ад якіх не могуць быць пасаджаныя і расці дрэвы. Гэта патрабаванне павінна абавязкова выконвацца».

Але і дзесяці саджанцам, якія ўпісаліся ў патрабаванні сувязістаў па адлегласці, спакойнага жыцця ніхто не забяспечыў:

палову іх сёлета проста скасілі падчас чарговай касьбы ўзбочын.

Цяпер раённае начальства разважае: ці варта ўвогуле закладаць парк ля гэтага возера, ці ўжо хай будзе як ёсць. Калі вынік разваг будзе станоўчы, то ўвосень, магчыма, паспрабуюць зрабіць гэта ўжо трэці раз.

Чытайце таксама:

У Крычаве ў парку паставілі новыя прыбіральні, якія тояць у сабе загадку

У Горках мост, які злучае два раёны горада, ператварыўся ў паласу перашкод ФОТЫ

Гэты горад назвалі найлепшым для жыцця ў Беларусі. І гэта не Мінск

Nashaniva.com