Прысяжныя прызналі Кевіна Спэйсі невінаватым у дамаганнях
Прысяжныя ў лонданскім судзе прызналі акцёра Кевіна Спэйсі невінаватым у сэксуальных дамаганнях. Суд апраўдаў яго па дзевяці пунктах абвінавачання, якія тычыліся дамаганняў у дачыненні да чатырох мужчын. Перад вынясеннем вердыкту прысяжныя раіліся больш за 12 гадзін, піша Бі-бі-сі.
26.07.2023 / 18:45
Фота: Chris J Ratcliffe / Getty Images
Сам Кевін Спэйсі адрэагаваў на рашэнне эмацыйна. Пачуўшы, што яго апраўдалі па ўсіх эпізодах, ён расплакаўся.
Спэйсі не прызнаваў віну ні па адным з гэтых эпізодаў, якія адносяцца да перыяду 2001—2013 гадоў.
Працэс у каралеўскім судзе Саўтуарка ў Лондане працягваўся амаль месяц.
Імёны меркаваных ахвяр не агучваліся ў мэтах захавання аб'ектыўнасці працэсу.
Абвінавачанні будаваліся на эпізодах рознай ступені цяжкасці: ад дамаганняў да сэксуальнага гвалту.
Спэйсі падчас дачы паказанняў заявіў, што раздушаны абвінавачаннямі, якія выстаўленыя супраць яго.
Акцёр сцвярджаў, што ўсе дзеянні паміж ім і абвінаваўцамі здзяйсняліся па ўзаемнай згодзе, а гвалту ў іх не было.
Працэс у Лондане — трэцяя справа супраць Кевіна Спэйсі, якая дайшла да суда. Першыя дзве ён таксама выйграў.