У Кіеве хтосьці сфатаграфаваў Ляўчук і ўкраінскага блогера. Здымкамі пахваліліся «Жоўтыя злівы» і Азаронак — і чалавека затрымалі

Пры выпадак расказаў блогер BalaganOFF.

26.07.2023 / 18:25

Фота Ляўчук і блогера BalaganOFF, якое выклалі тэлеграм-каналы лукашэнкаўскай прапаганды

У Кіеве блогер BalaganOFF (Аляксандр Рыкаў) абедаў разам з опернай спявачкай Маргарытай Ляўчук. Нехта іх сфатаграфаваў. Праз нейкі час фота аказаліся на каналах прапаганды — «Жоўтыя злівы» апублікавалі здымкі ўчора ўвечары. Прапагандыст Рыгор Азаронак зрабіў рэпост і заклікаў «біць морды».

Сёння блогер выклаў відэа затрымання мужчыны ўкраінскімі сілавікамі — па яго словах, таго самага, хто даслаў фота з ім і Ляўчук лукашэнкаўскім прапагандыстам. Аляксандр у эфіры «Еўрарадыё» сказаў, што спецслужбы Украіны дазволілі яму нават пагаварыць з затрыманым і запісаць з ім кароткае інтэрв'ю для яго блога. Інтэрв'ю пакуль што не выйшла.

Скрын відэа затрымання 

Асоба затрыманага мужчыны не раскрываецца. Учора тэлеграм-канал «Жоўтыя злівы», публікуючы фота Ляўчук і Рыкава, падкрэсліў, што пра гэта ім «паведаміла агентура» і фота даслалі непасрэдна ім. Ці так было насамрэч, пакуль не вядома.

Nashaniva.com