Машына з небяспечным грузам згарэла пад Віцебскам

Аварыя здарылася праз разгерметызацыю левага пярэдняга кола, даць рады кіраванню кіроўцу грузавіка не ўдалося.

26.07.2023 / 10:06

Фота: ДАІ Віцебска

Аварыя адбылася ўвечары 25 ліпеня на 15-м кіламетры аўтадарогі Р-20 Віцебск — Полацк — мяжа з Латвіяй.

51-гадовы кіроўца аўтапоезда Scania не справіўся з кіраваннем праз разгерметызацыю пярэдняга левага кола. У выніку грузавік выехаў на сустрэчную паласу, з'ехаў у левы кювет, перакуліўся, а затым загарэўся.

У паўпрычэпе перавозіўся небяспечны груз другога і трэцяга класа.

У аварыі ніхто не пацярпеў. Месца ДТЗ некаторы час было ачэплена.

Да другога класа небяспечных грузаў адносяцца сціснутыя, звадкаваныя ахаладжэннем і раствораныя пад ціскам газы. Да трэцяга — лёгкаўзгаральныя вадкасці, сумесі вадкасцяў, а таксама вадкасці, якія змяшчаюць цвёрдыя рэчывы ў растворы, якія вылучаюць лёгкаўзгаральную пару, што мае тэмпературу выбуху ў закрытым тыглі 60°С і ніжэйшую, піша «Спутнік».

Nashaniva.com