Прэм'ерка Шыманіце пра вагнераўцаў у Беларусі: «Гатоўнасць Літвы — адэкватная сітуацыі»
Пасля прыбыцця на мінулым тыдні ў Беларусь некалькіх калон расійскай групоўкі «Вагнер» прэм'ер-міністарка Літвы Інгрыда Шыманіце заявіла, што падрыхтоўка Літвы да магчымых пагроз адэкватная цяперашняй сітуацыі, піша LRT.
25.07.2023 / 12:46
Інгрыда Шыманіце і Святлана Ціханоўская. Фота: ОСЦ
«Падрыхтоўка і нашых устаноў, і нашага войска адэкватная той сітуацыі, якую мы назіраем цяпер, і заўсёды былі і будуць разнастайныя заявы, самыя безадказныя, аб прымяненні ядзернай зброі, аб Сувалкскім калідоры, аб чымсьці яшчэ», — сказала прэм'ер-міністарка.
«Проста варта заўважаць гэтыя рэчы ў агульным фоне, і, відавочна, мы гэта бачым», — дадала яна.
Аляксандр Лукашэнка заявіў у нядзелю, што трымае наймітаў «Вагнера» ў цэнтральнай частцы краіны, але заявіў, што яны «просяцца на Захад, просяць у мяне дазволу… паехаць у Варшаву, у Жэшаў».
Раней у панядзелак міністр абароны Літвы Арвідас Анушаўскас назваў такія заявы дэзынфармацыяй. Ён таксама адзначыў, што Літва гатовая да магчымых правакацый.
«Так што давайце перастанем танцаваць пад дэзынфармацыйныя заявы Пу і Лу», — напісаў міністр на сваёй старонцы ў фэйсбуку.