Футбаліст з чэмпіянату Беларусі стаў гульцом топавага французскага клуба
Гістарычны трансфер для вышэйшай лігі, але не для беларускага футбола.
25.07.2023 / 10:43
Фота з інстаграма «Ланса»
Экс-абаронца мінскага «Энергетыка-БДУ» Абдукадзір Хусанаў падпісаў кантракт з французскім «Лансам», які ў мінулым сезоне заняў другое месца ў Лізе 1.
За «Энергетык» Абдукадзір правёў 35 матчаў у чэмпіянаце, дзе адзначыўся 4 галамі і 4 асістамі. Таксама на яго рахунку 2 паядынкі ў Кубку Беларусі.
«Не забываем і пра сярэбраныя медалі мінулага сезона! Дзякуй за гульню, Абдукадзір! Любім і ганарымся!» — напісаў клуб у сацсетках. Хусанаву — 19 гадоў.
У сакавіку гэтага года ён у складзе моладзевай зборнай Узбекістана стаў чэмпіёнам Азіі, забяспечыўшы сабе права ўзяць удзел і ў чэмпіянаце свету. Там Узбекістан прабіўся ў плэй-оф, але ў 1/8 фіналу пацярпеў паражэнне.
У чэрвені Хусанаў таксама дэбютаваў за нацыянальную зборную Узбекістана ў турніры CAFA Nations Cup 2023, дзе двойчы нават выходзіў у стартавым складзе. Але ў фінале таго турніру Узбекістан саступіў Ірану (0:1).
«Ланс» у мінулым чэмпіянаце Францыі заняў другое месца, толькі адзін бал саступіўшы ПСЖ. Клуб будзе гуляць у групавым раўндзе Лігі чэмпіёнаў.
Што да беларускіх футбалістаў у чэмпіянаце Францыі, то ў свой час за «Мец» гуляў Сяргей Крывец (за тры гады згуляў 36 матчаў, забіў два галы), за «Нансі» галкіпер Сяргей Чэрнік (правёў за чатыры гады 44 матчы, прапусціў 55 мячоў).
У красавіку 2022 года ў «Бастыю» (Ліга 2) з украінскага «Коласа» перайшоў Мікалай Золатаў, але згуляў толькі адзін паядынак і вярнуўся назад ва Украіну.
Чытайце таксама:
Футбаліст з чэмпіянату Беларусі пераходзіць у каманду нумар два ў Францыі. Як такое магчыма?