Адкуль узялася мода на боўлы і як самому скласці боўл
Дзякуючы фуд-блогерам мода на боўлы захапіла свет. Але сама ідэя складаць «карысныя талеркі» прыйшла з усходу. Poke Bowl — гэта традыцыйная гавайская ежа, у якую ўваходзіць рыс, сырая рыба і гародніна.
27.08.2023 / 14:41
Дзяўчына трымае боўл з ласосем, манга, агурком, авакада, рысам, фасоляй эдамамэ, імберцам, норы, кунжутам і лаймам. Фота: Alexandre Kolesnikov / Getty Images
Поке боўл — гэта сытная страва гавайскай кухні з элементамі японскай. У арыгінальным варыянце яе аснову складаюць вараны рыс, сырая, запечаная або марынаваная рыба, соус і нейкая свежая гародніна ў якасці дадатку. Боўл у перакладзе з англійскай мовы азначае «глыбокая талерка, міска», таму, у адпаведнасці з назвай, страва падаецца ў місцы.
«Поке» ў перакладзе з гавайскай азначае «нарэзаць на кавалачкі». Так называецца нарэзаная кубікамі сырая рыба, якую на Гаваях падаюць альбо ў якасці закускі, альбо як асноўную страву.
У еўрапейскай культуры боўлавы «бум» здарыўся адносна нядаўна, гадоў пяць таму ў асноўным дзякуючы інстаграмным фуд-блогерам, для якіх галоўнае, каб у кадры ежа выглядала прывабнай і была пажыўнай. Таму прыгожа раскладзеныя ў місцы прадукты пачалі называць боўламі.
Але, вядома, проста пакласці розныя кампаненты ў міску — яшчэ не значыць зрабіць «правільны» боўл. Лепш, каб прысутнічалі ўсе названыя інгрэдыенты:
- нейкія цэльназбожжавыя крупы, што адказваюць за павольныя вугляводы;
- бабовыя, яйкі, нятлустае мяса, птушка, рыба або морапрадукты як бялковы складнік;
- арэхі, авакада, семачкі, алівы і масліны, аліўкавы алей — крыніца тлустых кіслот амега-3;
- гародніна, садавіна і зеляніна — вітаміны і клятчатка.
Вось тры ідэі для боўлаў, якія могуць стаць карыснымі абедзеннымі ссабойкамі.
Боўл з курыцай і жоўтым рысам
- 50 г рысу басмаці
- 100 г курынай грудкі
- 30 г сыру камамбер
- 5 г аліўкавага алею
- 1 агурок
- 1/2 морквы
- 5 г кунжуту
- спецыі
У каструлі са злёгку падсоленай вадой адварыце рыс паводле інструкцыі. Падчас варкі дадайце чайную лыжку куркумы і ўсё старанна змяшайце — такая апрацоўка ператворыць рыс з маркотнага дадатку да абеду ў сонечны жоўты. Курыцу вымыйце, нарэжце кубікамі і абкачайце ў любімых спецыях (напрыклад, у сумесі солі, перцу і салодкай папрыкі). Разагрэйце алей у патэльні і абсмажце папярэдне звараную курыную грудку. Нарэжце сыр камамбер на кавалачкі, а агурок і моркву — як саломку. Пакладзіце ў міску звараны рыс, смажаную курыцу, сыр і гародніну. Усё гэта пасыпце кунжутам.
Боўл з ласосем і печанай бульбай
- 100 г ласося
- 60 г мацарэлы
- 140 г бульбы
- 1 памідор
- 4 спаржы
- жменя рукалы
- 10 г аліўкавага алею
- спецыі
Ласося вымыйце, зрэжце скурку і пасыпце спецыямі (напрыклад, салодкай папрыкай, соллю і перцам), а затым загарніце ў алюмініевую фольгу. Бульбу памыйце, нарэжце кавалачкамі і пакладзіце ў міску — дадайце аліўкавы алей і любыя спецыі (напрыклад, для бульбы), старанна змяшайце і выкладзіце на бляху, засланую паперай для выпечкі. Спаржу вымыйце, адламайце цвёрдыя канцы і выкладзіце на бляху — запякайце ўсё гэта каля 25 хвілін пры 220 градусах. Па заканчэнні гэтага часу дадайце ласося і запякайце яшчэ 15 хвілін пры 180 градусах. Тым часам падрыхтуйце памідоры: вымыйце і нарэжце іх кубікамі, а мацарэлу нарэжце лустачкамі. Пакладзіце ў міску па жмені рукалы, памідораў, мацарэлы і запечанай спаржы, бульбы і ласося.
Боўл з фалафелем і «бульбай фры» з батату
- 100 г батату (1/2 шт.)
- 50 г фалафелю
- 10 г аліўкавага алею
- 1 памідор
- 1 агурок
- 2 сталовыя лыжкі кукурузы
- 1/2 кабачка
- спецыі
Вы можаце прыгатаваць фалафель самастойна або купіць гатовы.
Батат вымыйце, ачысціце і нарэжце як на бульбу фры. Нарэжце кабачок лустачкамі. Высыпце бульбу фры і лустачкі кабачка ў міску, дадайце аліўкавы алей і спецыі (напрыклад, соль, перац, салодкую папрыку, грануляваны часнок), усё старанна змяшайце і выкладзіце на бляху, засланую паперай для выпечкі. Выпякайце каля 25 хвілін пры 220 градусах. Па заканчэнні гэтага часу дадайце фалафель і злёгку апырскайце іх аліўкавым алеем. Выпякайце яшчэ 15 хвілін пры 180 градусах. Тым часам прыгатуйце дабаўкі: памідор нарэжце кубікамі, агурок — палоскамі. Пакладзіце ў міску кукурузу, нарэзаную гародніну і запечаныя фалафель, батат і кабачок.
Больш рэцэптаў:
Фалафель: вы думаеце, што гэта складана — ані!
Што прыгатаваць? Фаршыраваныя кабачкі — сытнае і духмянае гарачае
Стронга, фаршыраваная булгурам, з гароднінай і мятным ёгуртам