У расійскім Арле знайшлі пліту з узарванага ў Магілёве сабора
Некалькі дзён таму завуч магілёўскай школы № 34 Галіна Бяляева паведаміла карэспандэнту газеты «Звязда», што ў Арле знайшлі мемарыяльную пліту, якая належыць архіепіскапу Магілёўскаму і Мсціслаўскаму Яўсевію, што памёр у 1883 годзе. Ён быў пахаваны ў Спаса-Праабражэнскай царкве ў Магілёве. Сабор быў узарваны ў савецкі перыяд і да нядаўняга часу нічога не было вядома ні пра пліты, якія былі ў ім, ні наогул пра іншыя рэчы, звязаныя з храмам.
24.07.2023 / 23:21
Галіна Бяляева па адукацыі гісторык і спецыялізуецца на даследаваннях старадаўніх надмагілляў.
«Імя архіепіскапа Яўсевія ўсплыло, калі я працавала ў піцерскіх архівах, — расказвае суразмоўніца. — У дакументах вядомага навукоўца, выдаўца і гісторыка вялікага князя Мікалая Міхайлавіча Раманава, дзядзькі цара Мікалая ІІ, я знайшла цікавы рапарт, дзе была інфармацыя пра тое, што ў Спаса-Праабражэнскай царкве былі пахаваныя магілёўскія архіепіскапы Георгій Каніскі і Яўсевій, а таксама епіскап Віталій Грэчулевіч. Гэтая інфармацыя спатрэбілася князю, каб сістэматызаваць даныя па ўсіх правінцыйных могілках, у тым ліку тых, якія знаходзіліся на тэрыторыі сённяшняй Беларусі — на той момант часткі Расійскай Імперыі.
З той падачы ў 1908—1911 гадах Магілёўская епархія правяла маштабную работу па перапісе даных з надмагільных пліт. Гэты абагульнены звод павінен быў увайсці ў адзін з тамоў спецыяльнага выдання. Але адбылася Кастрычніцкая рэвалюцыя, і сабраныя звесткі ляглі ў архівы. Што датычыцца Спаса-Праабражэнскага храма, то ён быў знесены ў 50-я гады мінулага стагоддзя. Сёння на гэтым месцы знаходзіцца Следчы камітэт Магілёўскай вобласці».
Пакуль даследчыца рыхтавала да выдання кнігу «Неапублікаваны рускі правінцыяльны некропаль Мікалая Міхайлавіча Раманава» і размяшчала ў інтэрнэце інфармацыю пра тых знакавых для Магілёва асоб, прозвішчы якіх яна выпісала з архіва, на яе выйшлі краязнаўцы і паведамілі, што ў Арле на могілках знаходзіцца пліта колішняга магілёўскага архіепіскапа.
Надмагільная пліта архіепіскапа Магілёўскага Яўсевія была знойдзена настаяцелем царквы ў гонар Іаана Прадцечы протаіерэем Уладзімірам і дзякам Сяргеем Зайцавым. Яны пачалі вывучаць пліты на могілках і вельмі здзівіліся, калі на магіле дзяўчынкі Любові Лісавай, якая памерла ад сухотаў у 1872 годзе, убачылі пліту архіепіскапа Яўсевія. Паведамілі аб сваёй знаходцы ў мясцовы музей, старшы навуковы супрацоўнік якога Ганна Шацеева і выйшла на магілёўцаў.
Спробы забраць пліту рабіліся і раней, але зрабілі гэта толькі сёлета. Паколькі пліта не трапіла ў спіс мясцовых культурных каштоўнасцяў, то праблем з яе вывазам не ўзнікла.
Галіна Бяляева падзялілася смелымі спадзяваннямі, што, магчыма, у Арле знойдуцца надмагіллі і астатніх святароў, якія былі пахаваныя ў Спаса-Праабражэнскім храме ў Магілёве. У музеі ёй расказалі, што пры рэстаўрацыі тамтэйшага моста праз Аку ў падмурку адной з апор знайшлі абломкі надмагілляў.
Як трапіла ў Арол магілёўская пліта, невядома. Магчыма, мяркуе гісторык, падобныя рэчы вывозіліся з Беларусі як будаўнічы бут для аднаўлення пасля вайны гарадоў Савецкага Саюза. Або пліту ратавалі вернікі. І, хутчэй за ўсё, для гэтых мэт выкарыстоўваўся менавіта чыгуначны транспарт.
Чытайце таксама:
На раскопках пад Мінскам знайшлі яшчэ адзін трызуб князя Ізяслава
У архіве знайшлі дакументы, датычныя вучобы Максіма Багдановіча