Затрыманая выкладчыца БДЭУ — унікальная знаўца беларускай мовы і «Трышчаніяны». А яе маці цяпер у рэанімацыі

Выкладчыцу беларускай мовы, кандыдатку філалагічных навук і дацэнтку кафедры беларускай і рускай моў Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта Надзею Старавойтаву затрымалі на мінулым тыдні. 

25.07.2023 / 08:29

Надзея Старавойтава. Фота: сацсеткі

У відэа, выкладзеным сілавікамі, паказваюцца кадры з выкладчыцай на мірных пратэстах 2020 года. На запісе, зробленым сілавікамі, Надзея Старавойтава гаворыць, што брала ўдзел у мітынгах, падчас якіх выходзіла на праезную частку і нібыта рэгістравалася ў плане «Перамога». Часта такія прызнанні ці самаабгаворы ў людзей выбіваюць катаваннямі або шантажом.

У тым роліку паказалі таксама затрыманую былую выкладчыцу рускай мовы ў Беларускім дзяржаўным універсітэце фізкультуры Наталлю Сівіцкую.

У кватэры Надзеі заставаўся зачыненым сабака, пішуць у сацыяльных сетках сябры выкладчыцы. Улюбёны лабрадор выкладчыцы хварэе на цукроўку, яму патрэбны адмысловы догляд. Цяпер за ўлюбёнцам Надзеі будзе глядзець брат.

Наколькі вядома, выкладчыцу адправілі на суткі.

Надзея Старавойтава — выбітны філолаг, адная з найлепшых знаўцаў беларускай мовы ў краіне.

У БДЭУ Надзея Старавойтава была заўсёднай папулярызатаркай роднай мовы, удзельнічала ў літаратурных конкурсах для выкладчыкаў і студэнтаў. Надзея — аўтарка кароткага рамана «Арфаграфія без правілаў» (2008 года) і шэрагу эсэ, апавяданняў і вершаў.

Працавала яна як з беларускімі, так і з замежнымі студэнтамі, у прыватнасці, з кітайскімі, якім выкладала беларускую мову.

Увогуле беларусістычная глотадыдактыка — методыка і практыка выкладання беларускай мовы як замежнай — была адной з навуковых зацікаўленасцяў Старавойтавай. Сваім досведам у гэтым кірунку яна дзялілася ў навуковых артыкулах (іх больш за 80). 

Беларусістычнай глотадыдактыкай Надзея Старавойтава захапілася апошнія 7-8 гадоў, адзначаюць яе знаёмыя. А першым прадметам даследавання і захаплення для яе была беларуская «Трышчаніяна» — вывучэнне перакладаў на беларускую мову сусветна вядомай сярэднявечнай легенды пра каханне Трышчана ды Іжоты (Трыстана ды Ізольды ў расейскай традыцыі).

Надзея Старавойтава жыла разам з маці. Апошнім часам Старавойтава ў сацсетках пісала пераважна пра крытычны стан маці. Тая трапіла ў рэанімацыю незадоўга да затрымання дачкі. 

Nashaniva.com