Як кіраўнік «Вагнера» Прыгожын страціў частку пальца

«Гэта вельмі моцна адбілася на псіхіцы будучага кіраўніка наймітаў».

24.07.2023 / 16:05

Яўген Прыгожын. Фота: Getty Images

Кіраўнік ПВК «Вагнер» Яўген Прыгожын ужо даўно ходзіць з адсечанай фалангай безназоўнага пальца на левай руцэ. Заснавальнік арганізацыі «Гулагу.нет» Уладзімір Асечкін раскрыў падрабязнасці і прычыну гэтага здарэння. 

Адпаведнай інфармацыяй ён падзяліўся ў інтэрв'ю ўкраінскай журналістцы Алесе Бацман на яе ютуб-канале.

Паводле звестак Асечкіна, заснаваных на паказаннях адразу некалькіх людзей, блізка знаёмых з сітуацыяй, Яўгена Прыгожына пазбавілі часткі пальца за супрацоўніцтва з адміністрацыяй папраўчай калоніі, у якой той сядзеў яшчэ ў 1980-ых гадах.

«Прыгожына такім чынам пакаралі іншыя асуджаныя за яго супрацоўніцтва з аператыўнікамі калоніі, бо ён быў так званым агентам, стукачом і быў на вельмі нядобрым рахунку. Гэта ўсё адбылося ў ягоны першы крымінальны тэрмін у 1980-ыя гады. Гэта пакінула вельмі глыбокі псіхалагічны след у характары будучага кіраўніка вагнераўцаў», — распавёў Асечкін.

Як адзначае заснавальнік «Гулагу.нет», Прыгожын затаіў дзікую злосць пасля пазбаўлення часткі пальца і тых, хто гэта з ім зрабіў, ужо няма ў жывых.

Акрамя гэтага, лічыць Асечкін, Прыгожын перанёс усю сваю злосць і страхі ў ПВК «Вагнер», зрабіўшы адсячэнне пальца і іншых канцавінаў адным з асноўных відаў фізічнага пакарання, якое ў тым ліку актыўна ўжываецца падчас вайны ва Украіне.

Нагадаем, што ў дадзены момант некалькі тысяч вагнераўцаў знаходзяцца ў Беларусі пад Асіповічамі і трэніруюць беларускіх вайскоўцаў. Сам Прыгожын з моманту заканчэння мяцяжу некалькі разоў бываў у Беларусі і нават паспеў афіцыйна зарэгістраваць тут юрыдычную асобу.

Чытайце таксама:

Прыгожын у сваёй першай прамове ў Беларусі заклікаў «не крыўдзіць беларускіх дзяўчат»

Шэф ЦРУ: На месцы Прыгожына я б не звальняў свайго дэгустатара

Апублікавалі новы спадарожнікавы здымак лагера вагнераўцаў у вёсцы Цэль

Марк Рыхтэр