Названа дакладная дата палёту беларускі ў космас
Дзве беларускі, Марына Васілеўская і Анастасія Лянкова, якія былі абраныя для палёту ў космас, прыбылі ў Зорны гарадок для падрыхтоўкі.
24.07.2023 / 15:09
Марына Васілеўская і Аляксандр Лукашэнка. Фота: БелТА
Марына і Анастасія пачынаюць падрыхтоўку да палёту, якая працягнецца восем месяцаў. Беларускі будуць вывучаць сістэмы карабля «Саюз МС», расійскага сегмента МКС і вучыцца рэагаваць на няштатныя сітуацыі, піша «Спутнік».
Алег Навіцкі (камандзір экіпажа) і Марына Васілеўская правядуць на МКС 12 сутак і вернуцца на зямлю на «Саюзе МС-24» разам з астранаўтам NASA Ларал О'Хара, а Трэйсі Дайсан працягне палёт.
Васілеўская ўваходзіць у асноўны экіпаж разам з Алегам Навіцкім і Трэйсі Дайсан, Анастасія Лянкова — у дублюючы, разам з Іванам Вагнерам і Доналдам Пецітам.
Ужо названая дата палёту: запуск карабля «Саюз МС-25» запланаваны на 13 сакавіка 2024 года.
Падчас палёту Навіцкі і Васілеўская павінны будуць выканаць навуковую праграму касмічнага палёту, распрацаваную НАН Беларусі і дзяржкарпарацыяй «Раскосмас» з удзелам Расійскай акадэміі навук.