Блінкен пра F16: Спатрэбяцца месяцы, перш чым украінцы пачнуць іх рэальна прымяняць

«Справа не толькі ў самім абсталяванні. Гэта яшчэ і вучоба. Гэта тэхнічнае абслугоўванне», — кажа дзяржсакратар ЗША.

24.07.2023 / 14:50

Энтані Блінкен. Фота: Alex Brandon / AP

Дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен заявіў, што Украіна атрымае амерыканскія знішчальнікі F-16, але спатрэбяцца месяцы, перш чым украінскія ўзброеныя сілы змогуць іх ужываць. Пра гэта ён заявіў у інтэрв'ю CNN.

«Cправа не толькі ў самім абсталяванні. Гэта яшчэ і вучоба. Гэта тэхнічнае абслугоўванне. Гэта ўменне выкарыстоўваць яго ў ваенных аперацыях. На ўсё гэта патрэбны час. Калі б заўтра была прынятая пастанова аб перадачы F-16, то прайшлі б месяцы і месяцы да таго, як яны былі б рэальна прымененыя».

Па яго словах, ЗША працуюць над перадачай F-16 Украіне, але гэтага недастаткова, бо патрэбная яшчэ праграма вучэнняў.

Блінкен дадаў, што «працэс адносна F-16 прасоўваецца».

Раней каардынатар Рады нацыянальнай бяспекі Белага дома ў стратэгічных камунікацыях Джон Кірбі заявіў, што знішчальнікі F-16 могуць з'явіцца ва ўкраінскім войску да канца гэтага года.

Перад гэтым тры дзясяткі дэпутатаў Еўрапейскага парламента далучыліся да закліку як мага хутчэй перадаць Украіне знішчальнікі чацвёртага пакалення F-16, навучанне на якіх украінскія лётчыкі пачнуць у жніўні.

Нагадаем, на саміце НАТА ў Літве міністр абароны Украіны Аляксей Рэзнікаў падпісаў мемарандум з 11 краінамі — сябрамі кааліцыі, які вызначае ўмовы навучання ўкраінскіх пілотаў на знішчальніках F-16.

Nashaniva.com