Польшча размесціць сапёрны батальён у Сувалкскім калідоры

«Польскія салдаты — найлепшая гарантыя бяспекі краіны», — мяркуе міністр абароны Марыуш Блашчак.

24.07.2023 / 07:37

Польскія салдаты стаяць ля машын з ракетнымі ўстаноўкамі HIMARS амерыканскай вытворчасці на авіябазе ў Варшаве, Польшча, 15 мая 2023 года. Польшча атрымала сваю першую партыю ракетных установак HIMARS у рамках мадэрнізацыі сваёй абароны на фоне боязі вайны ў суседняй Украіне. Фота AP Czarek Sokołowski 

Міністр абароны Польшчы Марыуш Блашчак заявіў пра стварэнне сапёрнага батальёна, які будзе размяшчацца на паўночным усходзе краіны ў горадзе Аўгустове ў Сувалкскім калідоры, піша ТАСС.

«У Аўгустове неўзабаве будзе створаны сапёрны батальён. Гэта яшчэ адна вайсковая частка, якую мы будуем з нуля, і, запэўніваю вас, не апошняя», — напісаў Блашчак на сваёй старонцы ў твітары ў нядзелю, дадаўшы, што найбліжэйшым часам паведаміць пра новыя інвестыцыі.

Ён адзначыў, што лічыць польскіх салдат найлепшай гарантыяй бяспекі краіны.

На мінулым тыдні прадстаўнік урадавага камітэта ў пытаннях бяспекі Збігнеў Хофман заявіў, што Міністэрства абароны Польшчы прыняло пастанову перадыслакаваць войскі з заходняй часткі краіны ва ўсходнюю, бліжэй да мяжы з Беларуссю, праз паведамленні аб планах правесці там манеўры з удзелам ПВК «Вагнер».

Nashaniva.com