Рэзнікаў: Вайна скончыцца да наступнага лета, Украіна пераможа

Міністр абароны Украіны перакананы, што пасля заканчэння вайны сяброўства Украіны ў НАТА будзе ў інтарэсах самога Альянсу.

24.07.2023 / 07:07

Аляксей Рэзнікаў. Фота: Віктар Кавальчук, УНІАН

Міністр абароны Аляксей Рэзнікаў лічыць, што да наступнага лета Украіна атрымае перамогу ў вайне, піша УНІАН.

У інтэрв'ю CNN ён сказаў, што разглядае саміт НАТА ў 2024 годзе як магчымасць для прыняцця Украіны ў Альянс. «Хто ведае, можа быць, гэта будзе вельмі важны дзень для Украіны. Гэта ўсяго толькі мой прагноз», — дадаў міністр.

Калі яго спыталі, ці думае ён, што вайна скончыцца да наступнага лета, ён хутка адказаў: «Так. Мы пераможам у гэтай вайне».

Рэзнікаў перакананы, што пасля заканчэння вайны сяброўства Украіны ў НАТА будзе ў інтарэсах самога Альянсу.

«Бо мы сталі сапраўдным усходнім шчытом НАТА або ўсходнім шчытом Еўропы. Украіна атрымала рэальны баявы досвед — як стрымліваць расейцаў, перамагаць іх, біць стандартнымі для НАТА ўзбраеннямі», — адзначыў ён.

У Злучаных Штатах лічаць, што цяпер ідуць «адносна раннія дні» ўкраінскага контрнаступу. Паводле іх даных, Украіна вызваліла каля 50% тэрыторыі, захопленай акупантамі за час вайны.

Nashaniva.com