Дзяржсакратар ЗША заявіў, што Украіна адваявала палову захопленай тэрыторыі
Дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен заявіў, што Украіна адваявала палову тэрыторыі, якую Расія захапіла падчас уварвання. Але Кіеў сутыкнуўся з сур'ёзным супраціўленнем, каб вызваліць большую тэрыторыю.
23.07.2023 / 22:21
Фота: АР
«Каля 50% таго, што першапачаткова было захоплена, ужо вернута», — сказаў Блінкен у інтэрв'ю CNN. Яго словы цытуе Reuters.
Таксама Блінкен дадаў, што контнаступ не скончыцца на працягу наступнага тыдня або двух, хутчэй, гэта будзе некалькі месяцаў.
У канцы чэрвеня прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі сказаў, што прасоўванне контрнаступлення больш «павольнае, чым хацелася б».
Украіна адбіла некалькі вёсак на поўдні і тэрыторыю вакол разбуранага горада Бахмута на ўсходзе, але не дамаглася сур'ёзнага прарыву праз добра абароненыя расійскія рубяжы, піша Reuters.
Калі Блінкена спыталі, ці атрымае Украіна знішчальнікі F-16 амерыканскай вытворчасці, ён сказаў, што верыць у гэта.
У жніўні ў Даніі кааліцыя з 11-ці краін пачне навучаць украінскіх пілотаў кіраванню знішчальнікамі F-16, а ў Румыніі будзе створаны навучальны цэнтр.