Мужчыну, які вярнуўся з Польшчы, будуць судзіць па чатырох крымінальных артыкулах

Жыхара Скідзеля Міхаіла Мякеку, якога затрымалі ў снежні мінулага года пасля вяртання з Польшчы, будуць судзіць па чатырох артыкулах Крымінальнага кодэкса. Такая інфармацыя з'явілася ў раскладзе судовых пасяджэнняў, заўважыла «Медиазона».

23.07.2023 / 19:37

Мужчыну абвінавачваюць у распальванні варожасці (частка 1 і частка 3 артыкула 130 КК), грубым парушэнні грамадскага парадку (частка 1 артыкула 342 КК), гвалце ў дачыненні да службовай асобы (частка 2 артыкула 366 КК), паклёпе ў дачыненні да Лукашэнкі (частка 2 артыкула 367 КК). Справу пачне разглядаць 24 ліпеня суддзя Сянько ў Гродзенскім абласным судзе.

Міхаіл Мякека. Фота: сацсеткі

Праваабаронцы раней пісалі, што мужчына жыў у Польшчы паўтара года і ў снежні мінулага года вярнуўся ў Беларусь. Паводле версіі сілавікоў, у Польшчы ён зарэгістраваўся ў плане «Перамога» і нібы пісаў паведамленні з пагрозамі сілавікам.

У чэрвені Міхаіла Мякеку КДБ дадаў у «тэрарыстычны спіс» разам з актывістам Паўлам Белавусам і журналістам Дзмітрыем Семчанкам.

Nashaniva.com