Украінскія памежнікі ацанілі, колькі вагнераўцаў прыбыло ў Беларусь

Па звестках Дзяржаўнай памежнай службы Украіны, па стане на 22 ліпеня ў Беларусі знаходзіцца прыкладна пяць тысяч расійскіх наймітаў ПВК «Вагнер». Пра гэта паведаміў спікер ДПСУ палкоўнік Андрэй Дземчанка ў каментары «Украінскай праўдзе».

22.07.2023 / 10:58

Вагнераўцы і беларускія вайскоўцы на палігоне Брэсцкі. Фота: Мінабароны

«Дзяржаўная памежная служба Украіны працягвае ўважліва назіраць за сітуацыяй адносна прыбыцця і знаходжання ў Беларусі расійскіх наймітаў. Адзначу, што абстаноўка па лініі мяжы застаецца цалкам кантраляванай пагранічнымі і іншымі падраздзяленнямі Сіл абароны нашай дзяржавы. Усе яны папярэджаныя аб далейшай рызыцы, што можа ісці з тэрыторыі Беларусі, якая, на жаль, знаходзіцца пад уплывам Расіі і аказвае ёй падтрымку ў вайне, развязанай супраць Украіны», — паведаміў Дземчанка.

Ён зазначыў, што спачатку, калі групы расійскіх наймітаў пачалі заходзіць у Беларусь, іх колькасць ацэньвалася ў сотнях. Аднак цяпер, улічваючы наяўную інфармацыю пра групы прадстаўнікоў прыватных вайсковых кампаній, іх колькасць, вядома, іншая і можа сягаць пяці тысяч чалавек.

Дземчанка падкрэслівае: такая колькасць для Украіны непасрэднай пагрозы не ўяўляе, аднак Сілы абароны павінны быць гатовыя да любых сітуацый, у тым ліку і да недапушчэння правакацый на мяжы.

Раней стала вядома, што ў Беларусь прыбыло восем калон вагнераўцаў. Яны інструктавалі пад Асіповічамі беларускіх вайскоўцаў, а таксама ўдзельнічалі ў вучэннях на палігоне Брэсцкі. А Яўген Прыгожын зарэгістраваў у Беларусі кампанію.

Чытайце таксама:

У Беларусі можа апынуцца да 10 тысяч вагнераўцаў — начштаба

Шэф ЦРУ: На месцы Прыгожына я б не звальняў свайго дэгустатара

Карпянкоў наведаў лагер вагнераўцаў

Nashaniva.com