Чатырох фігурантаў «справы СБНШ» асудзілі на тэрміны ад 3 да 3,5 гадоў калоніі
У Мінскім абласным судзе 7 ліпеня вынеслі прысуд па справе «Саюза Беларускага Нацыянальнага Шчыта». 17-гадовага Алега Дабрыднева з Касцюковічаў, 19-гадовага Кірыла Балахонава з Буда-Кашалёва, 27-гадовага Аляксандра Рукойця са Смаргоні і 19-гадовага Уладзіслава Яфімовіча асудзілі на тэрміны ад трох да трох з паловай гадоў калоніі, паведамляе «Вясна».
21.07.2023 / 17:21
Хлопцаў абвінавацілі ў стварэнні «экстрэмісцкага фармавання» — двух Telegram-каналаў і чатырох TikTok-акаўнта, а таксама ў «распальванні іншай сацыяльнай варожасці». Іх тэлефоны канфіскавалі, як «сродкі здзяйснення злачынстваў».
Працэс у закрытым рэжыме вяла Алена Бачышча. Праваабаронцам вядома, што па справе адбылося не меней за чатыры паседжанні.
Паводле версіі абвінавачвання, чацвёра хлопцаў летам 2022 года «ўступілі ў дэструктыўную Telegram-групу, якая ў лістападзе 2022 года прызнаная экстрэмісцкім фармаваннем, а яе інфармацыйная прадукцыя — экстрэмісцкімі матэрыяламі». 1 лістапада 2022 года «экстрэмісцкім фармаваннем» быў прызнаны Telegram-каналы і TikTok СБНШ (Саюз Беларускага Нацыянальнага Шчыта).
Дабрыднеў і Балахонаў, стаўшы адміністратарамі такой Telegram-групы, «з мэтай выказвання незаконнымі спосабамі сваіх грамадска-палітычных поглядаў і пратэсту, вядзення дэструктыўнай дзейнасці захоўвалі і замацоўвалі ў ёй розныя матэрыялы і пісьмовыя тэксты, у тым ліку ўключаныя ў рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў».
Паводле версіі абвінавачвання, Яфімовіч і Рукойць «нароўні з адміністратарамі групы бралі актыўны ўдзел у дзейнасці экстрэмісцкага фармавання». У прыватнасці, яны нібыта размяшчалі і захоўвалі ў вольным доступе інструкцыі па здзяйсненні дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь: відэафайл і інфармацыю аб перамяшчэнні ваеннай тэхнікі на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, аўдыязапіс, змест якога накіраваны на распальванне варожасці і варожасці па прыкмеце нацыянальнай прыналежнасці.
Раней стала вядома, што па справе таго ж «СБНШ» быў асуджаны на тры гады калоніі стрыечны праўнук Якуба Коласа Мікіта Бруй са Стоўбцаў.
Чытайце таксама:
Затрымалі жыхара Фаніпаля Мікіту Скарабагатага