«Баі пад Запарожжам і Бахмутам — гэта не паўтор Першай сусветнай, а высадка ў Нармандыі»
«Хопіць параўноўваць Украіну з Першай сусветнай». З такім загалоўкам выйшаў новы артыкул Foreign Policy, у якім прыводзіцца больш адпаведная гістарычная паралель.
21.07.2023 / 18:21
Траншэі каля ўкраінскага Бахмута. Фота: John Moore / Getty Images
Аўтары артыкула выдання Foreign Policy ад 18 ліпеня выступілі з адкрытай крытыкай масава папулярнага параўнання баявых дзеянняў ва Украіне з аналагічнымі падчас Першай сусветнай вайны.
Прыхільнікі такога параўнання звычайна прыводзяць у якасці довадаў практычна зафіксаваны фронт, бяскрайнія палі, усеяныя згарэлымі дрэвамі і шматлікімі варонкамі ад бомбаў, фатаграфіі прамоклых, задубелых салдат, якія стаяць у траншэях па калена ў гразі.
Гэтыя падабенствы, на думку Foreign Policy, прымушаюць многіх думаць, што цяперашняя сітуацыя на фронце ва Украіне такая ж маналітная і тупіковая, як і больш за стагоддзе таму, і што ўкраінскі контрнаступ асуджаны на правал у кантэксце адсутнасці глыбокага і імклівага прасоўвання ў стан ворага. Але гэта не зусім так.
Украінскія ваяры вядуць бой у траншэях каля Бахмута. Фота: Libkos / AP
Салдаты брытанскай арміі ў траншэях у 1916 годзе падчас Першай сусветнай вайны. Фота: Pen and Sword Books / Getty Images
«Гэта не акопная вайна, гэта Нармандыя 1944 года і баі ў прыгарадах»
Аўтары нядаўняга артыкула прыводзяць іншы гістарычны прыклад, які, па іх меркаваннях, лепш падыходзіць для параўнальнага аналізу і тлумачэння павольнага прасоўвання ўкраінскіх войскаў падчас контрнаступу.
Гаворка ідзе пра высадку саюзнікаў у Нармандыі падчас Другой сусветнай вайны, а таксама пра доўгія і, на першы погляд, тупіковыя баі арміі ЗША з немцамі каля французскага горада Сэн-Ло на поўначы Францыі.
Тады ў 1944 годзе амерыканскія салдаты шэсць тыдняў з цяжкімі баямі і без асаблівага прасоўвання спрабавалі прабіць абарону немцаў, каб канчаткова зайсці ў Сэн-Ло для стварэння плацдарма для далейшага наступлення. У выніку, як толькі амерыканцы знясілілі і зламалі некаторыя «непрыступныя» лініі абароны немцаў, тыя адразу ж пачалі поўнае адступленне, і далей фронт рухаўся ўжо імкліва.
Чаму так адбылося і як менавіта тыя падзеі суадносяцца з цяперашнім становішчам фронта ва Украіне?
У адрозненне ад Першай сусветнай, у баях пад французскім Сэн-Ло і ўкраінскім Бахмутам ў бакоў канфлікту не было тэхналагічнага тупіку, калі не было тэхнічнай магчымасці цалкам выкурыць суперніка з абарончых меж, бо ўсе валодалі аднолькавым узроўнем развіцця вайсковых тэхналогій і не маглі адзін аднаго пераадолець. А ўжо падчас Другой сусветнай і вайны ва Украіне заходнія краіны стабільна выкарыстоўвалі ўсё больш прасунутыя тэхналогіі для прарыву.Тэрыторыя. Войскі ЗША і Украіны, нягледзячы на розніцу ў амаль 80 гадоў, ваявалі на аднолькавай мясцовасці, якая пераважна ўяўляла сабой узгорыстыя прыгарады з мноствам ручаёў, рэк, дрэў і дарог. Гэта зводзіць на нішто перавагу суцэльных і гіганцкіх ліній абарончых траншэй, бо салдаты не могуць бачыць далёка за межамі свайго фронту і флангаў, якія з прычыны мясцовасці значна лягчэй абысці або разбіць.
Шчыльнасць войскаў. Для таго, каб весці акопную вайну, неабходна велізарная колькасць салдат на адну мілю (1,6 кіламетраў) абарончых пазіцый. У першую сусветную такая шчыльнасць складала па 10 тысяч салдат на мілю, але падчас Сэн-Ло немцы мелі паказчык у 1000 чалавек на мілю, а расіяне пад Бахмутам — ўсяго 700. Маленькая шчыльнасць стварае вельмі ўразлівыя месцы ў абароне, бо з-за мясцовасці салдат нельга размеркаваць раўнамерна.
Маральны дух салдат, якія абараняюцца. Перад тым, як прарваць лініі абароны немцаў пад Сэн-Ло, амерыканцы метадычна і павольна вынішчалі іх жывую сілу і тэхніку, зніжалі іх маральны дух. Заняпаду духу яшчэ спрыялі папярэднія няўдачы на фронце, таму калі амерыканцы прарваліся, уся абарона немцаў адразу ж пасыпалася. Тое ж самае адбываецца і ва Ўкраіне, калі расіяне імкліва губляюць тэрыторыі, якія заваёўвалі месяцамі, і калі у тыле адбываюцца турбулентнасці, накшталт мяцяжу Прыгожына.
Час. Украіне дапамагае Захад, які наўпрост у вайне не ўдзельнічае, таму менш схільны да ўнутранай нестабільнасці і стомленасці ад вайны. Захад не адпраўляе свае войскі, страты ў якіх заахвочвалі б іх грамадства тэрмінова патрабаваць і шукаць шляхі адыходу. У Захаду, у адрозненне ад Расіі, ёсць час і магчымасць паступова павышаць стаўкі і нарошчваць дапамогу Украіне, чые байцы з-за змагання за родную зямлю і людзей маюць больш матывацыі не спыняцца да аднаўлення сваёй тэрытарыяльнай цэласнасці і справядлівасці. У Расіі падобнага часу, з прычыны вялізных страт, значна менш.
Армія ЗША падчас штурму пазіцый немцаў каля французскага гораду Сэн-Ло, лета 1944 года. Фота: AP
Украінскія салдаты падчас контрнаступу пад Бахмутам, лета 2023 года. Фота: Alex Babenko / AP
Чытайце таксама:
Вайна, якая ніколі не скончыцца?
УСУ пачалі выкарыстоўцаць касетныя боепрыпасы — Washington Post
Ці змірыўся Захад з тым, што Беларусь у лапах Расіі, і якія выбары рыхтуе Лукашэнка?