У Баранавічах 20 гадоў таму ставілі металічныя платы, «каб было прыгожа», цяпер з той жа мэтай іх зразаюць

У Баранавічах мясцовыя ўлады ў якасці штрафных санкцый зразаюць у некаторых месцах аднатыпныя агароджы, якія самі ў свой час цэнтралізавана і паставілі. Яны ўпэўненыя, што нядбайных гаспадароў, якія за гэтымі агароджамі не сачылі, такім чынам зробяць дбайнымі, піша мясцовая газета «Наш край».

20.07.2023 / 19:46

Вуліца Першукевіча — адна з самых ажыўленых у Баранавічах. Яна звязвае горад з вакзалам Баранавічы-Палескія, па ёй жа кіроўцы выязджаюць на ўсходні праезд. Таму пра тое, каб паабапал гэтай вуліцы ўсё выглядала прыстойна, заўсёды балела галава ў мясцовага начальства. 

Каб вырашыць праблему, крыху менш за 20 гадоў таму на вуліцы Першукевіча паставілі аднолькавыя металічныя платы за кошт сродкаў гарадскога бюджэту. Але паставіць паставілі, ды не ўсе жыхары вуліцы гэтыя казённыя платы належным чынам даглядалі, і некаторыя з іх выглядаюць цяпер зусім непрэзентабельна.

Таму гэтым разам гарадскія ўлады ўключылі адваротны працэс: тую частку металічных платоў, якія аблезлі і нават заржавелі без гаспадарскай рукі, вырашылі дэмантаваць.

Цяпер якраз пачала рэалізоўвацца гэтая кампанія. Рабочыя «Баранавічырамбуда» зразаюць нефарбаваныя і заржавелыя агароджы, спадзеючыся, як піша «Наш край», што, «гледзячы на чужы горкі досвед, астатнія жыхары вуліцы возьмуцца за пэндзлі з фарбай, што дазволіць захаваць агароджы».

«Пакуль рабочыя з інструментамі не сталі зрэзаць агароджы ў іншых частках горада, ёсць час прыслухацца да голасу розуму і паспець прывесці свой плот у парадак. Ну а тым, каму шкада грошай на слоік фарбы, пара пачынаць прыцэньвацца да агароджаў, якія прыйдзецца ўсталёўваць ужо за свой кошт», — павучальна заканчвае дзяржаўнае СМІ свой рэпартаж.

Чытайце таксама:

Пенсіянер пад Добрушам узарваў газ у кватэры, каб учыніць самагубства. Але толькі дадаў праблем сабе і стварыў іншым

Велізарная яма ўтварылася проста на дарозе ў Баранавічах

Раённы шык. Як выглядаюць і колькі каштуюць самыя дарагія кватэры ў раённых цэнтрах

Nashaniva.com