Памёр Кевін Мітнік — самы вядомы хакер 1980-х

Амерыканскі спецыяліст у камп'ютарнай бяспецы Кевін Мітнік памёр 16 ліпеня ў ЗША ад раку печані. Ён быў вядомы як адзін з першых хакераў, які паспяхова ўзломваў тэлефонныя і камп'ютарныя сеткі вядучых амерыканскіх кампаній. У гэтай ролі ён стаў першым камп'ютарнікам, якія трапілі ў спіс ФБР самых шуканых злачынцаў ЗША. Гэта зрабіла яго культавай фігурай у індустрыі, піша Радыё Свабода.

20.07.2023 / 15:37

Кевін Мітнік у 2010 годзе. Фота з Вікіпедыі

З 12 гадоў Мітнік, выкарыстоўваючы метады сацыяльнай інжынерыі і тэхнічныя прылады, узломваў тэлефонныя сеткі, атрымліваючы магчымасці бясплатных званкоў і перанакіравання выклікаў. У 17 ён упершыню атрымаў незаконны доступ да камп'ютарнай сеткі ў сваёй школе. Яго ахвярамі станавіліся сеткі Pacific Bell, лабараторыі Бэла, «Матаролы», Nokia, Sun Microsystems. За гэта ён некалькі разоў адбываў турэмныя тэрміны.

Біяграфія Мітніка і адно з яго пайманняў сталі сюжэтнай асновай для кнігі «Узлом» Цутому Сімамуры і Джона Маркафа, у 2000 годзе яна была экранізавана Джо Чапелем. У тым жа годзе хакер выйшаў на волю пасля свайго апошняга турэмнага тэрміну. Ён кансультаваў у пытаннях бяспекі найбуйнейшыя сусветныя кампаніі, у тым ліку FedEx, Toshiba і IBM, выступаў з лекцыямі і напісаў некалькі кніг, самай вядомай з якіх стала «Мастацтва падману» (2002).

Пра смерць 59-гадовага хакера гаворыцца ў некралогу могілак цара Давіда ў Лас-Вегасе. Інфармацыю пацвердзіла выданне SecurityWeek.

У матэрыяле the New York Times у 1994 годзе сцвярджалася, што Мітнік узломваў сетку камандавання паветрана-касмічнай абароны Паўночнай Амерыкі. Гэтая інфармацыя часта выкарыстоўвалася ў біяграфіях хакера, але ніколі афіцыйна не пацвярджалася і, хутчэй за ўсё, з'яўляецца выдумкай.

Nashaniva.com