Хатні варыянт хачапуры — простыя грузінскія бліны на кефіры
Хачапуры — традыцыйная грузінская страва, якая заваявала папулярнасць ва ўсім свеце. Гэты смачны пірог з сырнай начынкай мае доўгую гісторыю, што сыходзіць у глыб стагоддзяў. Яго простую версію можна лёгка прыгатаваць дома.
23.07.2023 / 09:28
Хачапуры. Фота: Getty Images
Традыцыйныя хачапуры гатуюць з дражджавога цеста, якое замешваюць і пакідаюць на пэўны час, каб яно паднялося. У выніку яно становіцца пухкім і лёгкім ды стварае ідэальную аснову для сырнай начынкі, для якой традыцыйна выкарыстоўваецца грузінскі сыр сулугуні.
Ёсць некалькі відаў хачапуры, яны адрозніваюцца формай і начынкай. Самыя папулярныя варыянты:
- мегрэльскае хачапуры — хачапуры круглай або даўгаватай формы з начынкай з сыру сулугуні, да яго таксама часта дадаюць яйка;
- імерулі хачапуры падобнае да мегрэльскага, але без яек;
- аджарскае хачапуры — хачапуры ў форме лодачкі з начынкай з сыру сулугуні і яйка. Пасля выпякання зверху кладуць кавалачак масла і яйка ўсмятку, якія перад ужываннем змешваюць.
Хачапуры можна згатаваць і дома. Мука, кефір і яйка — аснова смачных бліноў, якія можна хутка спячы, не выходзячы з уласнай кухні. Цвёрды сыр для начынкі — найлепшы выбар, але, калі ў вас яго няма, імправізуйце. У адрозненне ад традыцыйнага рэцэпта, прыведзены ніжэй не прадугледжвае дадавання дражджэй.
Каб прыгатаваць дамашнюю версію бліноў-хачапуры, спатрэбіцца:
- 300 мл кефіру,
- 450 грамаў мукі,
- 2 яйкі,
- 10 г разрыхляльніку,
- 1 чайная лыжка цукру,
- 3 сталовыя лыжкі алею,
- 350 г цвёрдага сыру,
- соль.
Гатаванне:
- У міску наліце кефір, узбіце адно яйка, дадайце чайную лыжку солі і чайную лыжку цукру і старанна змяшайце.
- Затым дадайце алей, прасеяную муку і разрыхляльнік і перамяшайце ўсе складнікі да аднастайнасці.
- Сфармуйце з цеста шар, накрыйце яго і пакіньце на 10 хвілін.
- Натрыце сыр на буйной тарцы. Змяшайце яго з адным яйкам і дробкай солі.
- Падрыхтаваную сырную масу падзяліце на чатыры часткі і сфармуйце з іх шарыкі.
- Пасыпце стол мукой і пакладзіце на яго цеста. Падзяліце цеста на чатыры часткі і зрабіце з іх шарыкі. Раскачайце кожны шарык, змясціце сырныя шарыкі на цэнтр, затым збярыце цеста так, каб атрымаліся мяшэчкі з сырным шарыкам унутры. Злёгку разамніце гэтыя мяшэчкі пальцамі, сфармаваўшы з іх блінцы, а затым акуратна раскачайце.
- Выпякайце бліны з абодвух бакоў на сухой тэфлонавай патэльні, накрыўшы накрыўкай, на сярэднім агні.
- Гатовыя, яшчэ цёплыя блінцы можна вышмараваць зверху маслам.
Чытайце яшчэ:
Грузія запатэнтавала «чачу», «чурчхэлу», «хачапуры» — і 27 іншых нацыянальных прадуктаў
Сняданак, дзеля якога хочацца прачнуцца: бліны з сырам і зелянінай
Ячэджан — хрумсткія карэйскія бліны з гароднінай, якія падымуць вам настрой